Мабільная версія
ДЗЯРЖОРГАНЫ
Апошнія навіны
Усе навіны

Да 100-годдзя БЕЛТА: "Навіны складаюць гісторыю". З Гомеля ў сталіцу

Грамадства 26.03.2018 | 16:43
Вялікая Айчынная вайна. Савецкія воіны на граніцы РСФСР і БССР. Верасень 1943 года
Вялікая Айчынная вайна. Савецкія воіны на граніцы РСФСР і БССР. Верасень 1943 года

У другой палавіне 1943 года Савецкая Армія вызваліла ад нямецкіх акупантаў першыя населеныя пункты Беларусі. 26 лістапада Масква салютавала доблесным воінам Беларускага фронту, якія вызвалілі Гомель.

Дзейнасць БЕЛТА была адноўлена пастановай Саўнаркама Беларускай ССР ад 22 лютага 1944 года. У сакавіку Саўнаркам БССР зацвердзіў палажэнне аб БЕЛТА і назначыў адказным кіраўніком агенцтва А. Траццякова.

Першапачаткова БЕЛТА размясцілася ў Навабеліцы, прыгарадзе Гомеля. "Для агенцтва Саўнаркам адвёў два пакоі, выдзеліў незваротна 15000 рублёў на арганізацыйныя расходы, і на гэтым яго дапамога скончылася. Трэці пакой у кватэры займаюць чужыя жыльцы, якія перашкаджаюць рабоце, асабліва прыёму вячэрніх і начных радыёсеансаў. Былі выпадкі, калі сеансы па гэтай прычыне зрываліся" /З дакладной запіскі Траццякова на імя намеснікаў адказнага кіраўніка ТАСС П.А. Обухава і А.А. Красных, 1 красавіка 1944 года/.

Хутка наладзіць нармальную работу не дазвалялі і іншыя тэхнічныя і гаспадарчыя праблемы. Востра стаяла кадравая праблема. Тым не менш з 10 сакавіка 1944 года агенцтва стала забяспечваць газеты інфармацыяй, штодзённа выпускаючы веснікі рэспубліканскай і абласной інфармацыі. З гэтага ж часу сталі прымаць дзённы і вячэрні радыёсеансы і выдаваць дзённы і вячэрні выпускі саюзнай і замежнай інфармацыі. Паводле даных, прадстаўленых Траццяковым, у рэспубліканскіх газетах з моманту пачатку дзейнасці агенцтва было змешчана 75 працэнтаў інфармацыі, рэспубліканскае радыё выкарыстоўвала веснікі на 100 працэнтаў.

"У красавіку мы пераязджаем з Навабеліцы ў Гомель. Нам там даюць асобны домік. Гэта ўжо будзе лепш. Наш адрас такі: г. Гомель, 3-е паштовае аддзяленне, вуліца Войкава, 89, БЕЛТА. Тэлефон: Радуга-4", - пісаў Траццякоў.

Савецкія танкі на вуліцах вызваленага Мінска. 3 ліпеня 1944 года
Савецкія танкі на вуліцах вызваленага Мінска. 3 ліпеня 1944 года'

Пасля вызвалення Мінска Беларускае тэлеграфнае агенцтва адразу ж пераехала з Гомеля ў сталіцу. Цэнтральны апарат БЕЛТА размясціўся ў чатырох пакоях жылога дома нумар 30 па вуліцы Рэспубліканскай (цяпер вуліца Раманаўская Слабада).

З моманту аднаўлення сваёй дзейнасці Беларускае тэлеграфнае агенцтва галоўную ўвагу ўдзяляла інфармацыі аб адраджэнні мірнага жыцця ў вызваленых раёнах. Паведамленні карэспандэнтаў БЕЛТА захавалі карціну першых месяцаў без вайны: вялікія клопаты і першыя маленькія перамогі жыхароў беларускіх гарадоў і вёсак, жаданне наблізіць доўгачаканы разгром ненавіснага ворага, дапамога савецкіх рэспублік вызваленым раёнам.

1944 год: Машыны і інвентар. З раду заводаў сельскагаспадарчага машынабудаўніцтва краіны ў Беларусь прыбываюць сельскагаспадарчыя машыны і інвентар. З Алтайскага сельмашзавода прыбыло звыш тысячы конных плугоў, з Любарэцкага завода - 100 жняярак, 100 сенакасілак, 175 сартыровак, з Разанскага сельмашзавода - 500 акучнікаў.

Для МТС рэспублікі паступіла таксама вялікая партыя розных інструментаў, сартавога жалеза і іншых матэрыялаў, неабходных для рамонту трактароў і прычэпнага інвентара.

14 сакавіка, Церахаўка: Адноўлена вялікая частка школ. З 55 школ, якія працавалі ў раёне да вайны, адноўлена ўжо 47, у тым ліку адна сярэдняя і восем няпоўных сярэдніх. У школах навучаецца 5272 дзіцяці. Школы размешчаны ва ўноў прыстасаваных памяшканнях.

Хлеб фронту. Жнівень 1944 года
Хлеб фронту. Жнівень 1944 года'

30 сакавіка, Журавічы: На будаўніцтва эскадрыллі самалётаў. Калгаснікі раёна ўнеслі на будаўніцтва эскадрыллі самалётаў "Сталінец Беларусі" 269 тысяч рублёў. Калгаснікі сельгасарцелей Свержаньскага сельсавета за адзін дзень сабралі звыш 20 тысяч рублёў. У радзе калгасаў у фонд будаўніцтва самалётаў уносяцца зерне і іншыя прадукты. Калгаснікі сельгасарцелі "Першы ўдарнік" унеслі 166 цэнтнераў зерня.

4 красавіка: 700 тысяч рублёў на абарону Радзімы. Рабочыя Свяцілавіцкага раёна Гомельскай вобласці ўнеслі ў кантору Дзяржбанка 700 тысяч рублёў у фонд абароны Радзімы. Апрача гэтага калгаснікі здалі ў фонд пабудовы танкаў 300 пудоў хлеба.

275 тысяч рублёў і 90 пудоў хлеба ў фонд абароны ўнеслі працоўныя Будакашалёўскага раёна. З кожным днём растуць узносы працоўных.

20 мая, Мазыр: Аднаўляецца Палескі драматычны тэатр. Пачалося абсталяванне абласнога драматычнага тэатра. Завозяцца бутафорыя, касцюмы, дэкарацыі. Днямі прыязджае трупа артыстаў. Прыехаў рэжысёр тэатра Ю.М. Сурыкаў.

11 чэрвеня, Клімавічы: Каштоўная ініцыятыва. Каштоўную ініцыятыву праявілі вучні Гулявіцкай няпоўнай сярэдняй школы. Яны вырашылі для аднаўлення калгаснай птушкафермы вырасціць па 2 курыцы і ўвосень здаць іх у калгас. Піянеры і школьнікі вырошчваюць 185 курэй.

Мінскі станкабудаўнічы завод імя Кірава. Аднаўленне і рэканструкцыя механічнага цэха. 1944 год
Мінскі станкабудаўнічы завод імя Кірава. Аднаўленне і рэканструкцыя механічнага цэха. 1944 год'

ПА РЭСПУБЛІЦЫ

МАЗЫР. Больш за 300 юнакоў навучаюцца ў арцелях прамкааперацыі Палесся розным спецыяльнасцям. 120 вучняў добра авалодалі ганчарным, швейным і шавецкім рамяством і пераведзены на самастойную работу.

ПРУЖАНЫ. Адбылося адкрыццё кінатэатра "Савецкая Беларусь". Яго аднавілі камсамольцы і моладзь раённага цэнтра. З велізарным поспехам у кінатэатры дэманстраваліся фільмы "Вясёлка", "Партызаны ў стэпах Украіны", "Падводная лодка Т-9".

МАГІЛЁЎ: Вялікая работа па павышэнні кваліфікацыі педагогаў вядзецца інстытутам удасканалення настаўнікаў.

Тут сістэматычна праводзяцца розныя даклады і лекцыі, даюцца кансультацыі па методыцы работы з навучэнцамі.

ГРЭСК. Нямецка-фашысцкія варвары разрабавалі і знішчылі маёмасць сельскай кааперацыі. З першых дзён вызвалення раёна пачала аднаўляцца сетка спажывецкай кааперацыі. Цяпер у раёне працуе 18 сельскіх магазінаў.

ГОМЕЛЬ. Аднавіла работу ветэрынарная лячэбніца. Тут ёсць стацыянар і газакамера. Лячэбніца ў дастатковай колькасці забяспечана медыкаментамі і інструментамі, укамплектавана кваліфікаванымі спецыялістамі.

КУРЫНЕЦ: З кожным днём расце кніжны фонд раённай бібліятэкі. Камсамольцы і моладзь раёна сабралі больш за 900 экзэмпляраў розных кніг, сярод якіх ёсць найкаштоўнейшыя творы рускіх класікаў. ("Советская Белоруссия", 3 кастрычніка 1944 года).-0-

Версія для друку
Навіны рубрыкі Грамадства
Надвор'e
Мінск
Баранавічы
Бабруйск
Барысаў
Брэст
Варшава
Вільнюс
Віцебск
Гомель
Гродна
Жлобін
Кіеў
Ліда
Мінск
Магілёў
Мозыр
Масква
Орша
Полацк
Рыга
Санкт-Пецярбург
Салігорск

Інфаграфіка

Збіраем дзіця ў лагер Не рэкамендуецца браць з сабой: мабільны тэлефон, ювелірныя ўпрыгажэнні, дарагое адзенне, скорапсавальныя прадукты харчавання.