Мабільная версія
ДЗЯРЖОРГАНЫ
Апошнія навіны
Усе навіны

Да 100-годдзя БЕЛТА: "Навіны складаюць гісторыю". Выключна праз Беларускае тэлеграфнае агенцтва

Грамадства 12.02.2018 | 14:04

Выключна праз Беларускае тэлеграфнае агенцтва

Згортванне НЭПа ў краіне ў канцы 20-х гадоў, пачатак індустрыялізацыі і калектывізацыі, узмацненне адміністрацыйна-камандных метадаў у кіраванні эканомікай і грамадствам зноў вывелі на першы план ідэалагічны складнік у рабоце інфармацыйных агенцтваў Савецкага Саюза. Таму пастановай Саўнаркама БССР 7 сакавіка 1931 года Беларускае аддзяленне Саюзнага камерцыйнага тэлеграфнага агенцтва было пераўтворана ў Беларускае тэлеграфнае агенцтва.

"АБ АРГАНІЗАЦЫІ БЕЛАРУСКАГА ТЭЛЕГРАФНАГА АГЕНЦТВА

"БЕЛТА"

Пастанова Савета Народных Камісараў

БССР ад 7 сакавіка 1931 года.

/сз БССР - 1931 г. № 11 арт. 90/

СНК БССР п а с т а н а ў л я е :

1. Арганізаваць пры Савеце Народных Камісараў БССР Беларускае тэлеграфнае агенцтва "БЕЛТА".

2. "БЕЛТА" дзейнічае на пачатках гаспадарчага разліку і згодна з палажэннем, зацверджаным Саветам Народных Камісараў БССР".

19 жніўня 1932 года Савет Народных Камісараў БССР прыняў пастанову нумар 446 "Аб умацаванні работы БЕЛТА пры СНК БССР".

"У мэтах карэннага паляпшэння работы БЕЛТА пры СНК БССР, што мае асаблівае значэнне ва ўмовах БССР, Савет Народных Камісараў БССР пастанаўляе:

1. ...прапанаваць Праўленню БЕЛТА рэарганізаваць апарат БЕЛТА, стварыўшы тры рэдакцыі: 1/ рэспубліканскай інфармацыі з падраздзяленнямі на галіновыя сектары /сельскагаспадарчы, прамысловасці і транспарту, тавараабароту, забеспячэння і фінансаў/; 2/ ТАСС-аўскай інфармацыі з функцыямі па прыёме міжнароднай і саюзнай інфармацыі і перадачы інфармацыі ў саюзныя цэнтры; 3/ раённага і нізавога друку; 4/ бюро інфармацыі пры СНК БССР і аддзелы 1/ арганізацыйна-інструктарскі з функцыямі інструктажу карэспандэнцкай сеткі, вывучэнне якасці прадукцыі сеткі апарату агенцтва і работы па кадрах і 2/ адміністрацыйна-гаспадарчы.

2. Вылучыць у сістэме агенцтва на аснове гаспадарчага разліку прэс-бюро для забеспячэння артыкуламі і іншымі матэрыяламі раённага, фабрычна-заводскага і калгаснага друку.

3. Забяспечыць за БЕЛТА выкананне яго асноўных функцый па перадачы афіцыйнай урадавай інфармацыі для ўсяго друку БССР, у сувязі з чым устанавіць, што ўсе пастановы ўрада і ўрадавых органаў, якія падлягаюць апублікаванню ў друку, а таксама ўсе ўрадавыя афіцыйныя інфармацыі і растлумачэнні павінны з 20 жніўня перадавацца для асвятлення ў цэнтральным і раённым друку БССР выключна праз Беларускае Тэлеграфнае агенцтва пры СНК БССР /БЕЛТА/. Абавязаць БЕЛТА забяспечыць перадачу ў друк пастаноў урадавых органаў і афіцыйных інфармацый не пазней як праз дзве гадзіны пасля атрымання пастаноў або афіцыйных урадавых інфармацый.

...

5. Прапанаваць БЕЛТА забяспечыць перадачу ўсёй загранічнай і саюзнай інфармацыі на беларускай мове".

У мэтах аператыўнай перадачы ўсіх матэрыялаў у рэспубліканскі і раённы друк прапаноўвалася ўстанавіць апарат "Клейншміт" і абсталяваць радыёстанцыю. БЕЛТА былі арганізаваны карэспандэнцкія пункты ў дзевяці самых важных гаспадарча-палітычных цэнтрах: Гомелі, Віцебску, Магілёве, Оршы, Бабруйску, Полацку, Мазыры, Барысаве, Слуцку.

У прынятай 2 жніўня 1934 года пастанове "Аб рабоце БЕЛТА і ўмацаванні карэспандэнцкай сеткі" ЦК КП(б) Беларусі зацвердзіў карэспандэнцкую сетку БЕЛТА - 37 пунктаў.

Веснікі рэспубліканскай інфармацыі БЕЛТА друкаваліся ў 6-7 экзэмплярах, а затым размножваліся на ротары. У Маскву штодзённа шыфраваліся тэлеграмы з навінамі гаспадарчага і культурнага будаўніцтва, матэрыялы для абласных і раённых газет дыктаваліся па радыё.

Краіна жыла навінамі аб уздыме эканомікі і поспехах савецкай улады:

1932 год. 6 жніўня, Мсціслаўе: Пабудаваць зернеулавіцелі да ўсіх жняярак раену. Мсціслаўская МТС барацьбу са стратамі паставіла як адну з галоўных задач сваей работы. Арганізавана ўдарная брыгада ў ліку 6 чалавек на пабудове зерняўлавіцеляў да ўсіх жняярак. За два дні брыгадай зроблена 40 зерняўлавіцеляў. Брыгада ўзяла на сябе абавязак пабудаваць зерняўлавіцелі да ўсіх жняярак раену.

Перадавыя калгасы, якія абслугоўваюцца МТС, ужо скончылі ўборку азімых. Скончылі ўборку калгасы "1 мая", "Шлях сацыялізму", "Сталінскі прызыў". Да дня 1 жніўня гэтыя калгасы арганізавалі чырвоныя абозы з хлебам новага ўраджаю.

1932 год. 25 жніўня, Ворша: Узоры разгорнутай работы. Шырока разгарнулася работа па клясавым адборы прызыўнікоў нараджэння 1910 году. Перадавымі прадпрыемствамі ў гэтай справе ідуць: мясакамбінат, чыгунка, Копыскі кахляны завод, Белдрэс, а таксама сельсаветы: Межаўскі, Рудкаўскі, Шпаноўскі і Берасьнянскі. Па астатніх сельсаветах і прадпрыемствах клясавы адбор павінен быць закончаны гэтымі днямі.

Ужо выяўлены 34 асобы, якія, скрываючы свой клясавы твар, імкнуліся пралезьці ў рады Чырвонай арміі: сыны кулакоў, жандараў, сьпекулянтаў.

З мэтай ліквідацыі няпісьменнасці і малапісьменнасці сярод дапрызыўнікоў па ўсіх сельсаветах складзены камісіі з настаўнікаў, якія вядуць кантроль за ходам гэтай работы. Райваенкамат практыкуе выклілі паасобных прызыўнікоў для праверкі іх пісьменнасці.

У раене створаны літпункт на 40 чалавек для прызыўнікоў. Праведзена значная работа па аўладанні тэхнікай: падрыхтавана больш 20 чалавек шофераў і трактарыстаў, кавалеў і тэлеграфістаў. 28 жніўня будзе праведзены 5-дзенны лягерны збор, праз які мяркуецца прапусціць 300-350 чалавек.

Райспажыўсаюз узяў на сябе абавязак - у часе прызыву на Белдрэсе і Копыскім прызыўных пунктах арганізаваць сталовыя, а таксама ларкі з прадуктамі.

Летам 1935 года Беларускай ССР быў уручаны ордэн Леніна. З гэтай нагоды ў рэспубліцы прайшлі вялікія ўрачыстасці, на якія прыбылі высокія госці на чале з Міхаілам Калініным. Усесаюзны стараста не толькі прыняў удзел у святкаванні гэтай знамянальнай для рэспублікі падзеі, але і зрабіў невялікую паездку па краіне.

1935 год. 9 ліпеня, Менск: Сталіца БССР рыхтуецца да свята. Сталіца ордэнаноснай Беларусі ўпрыгожваецца. На фасадах і балконах дамоў партрэты ЛЕНІНА і СТАЛІНА, членаў палітбюро ЦК ВКП(б) і кіраўнікоў партыі і ўрада БССР тт. ГІКАЛО, ГАЛАДЗЕДА, ЧАРВЯКОВА. Для ўпрыгожання горада падрыхтавана вялікая колькасць кветак. Чакаецца прыезд больш як 1500 гасцей з брацкіх рэспублік.

Усенароднае свята пачнецца ў Менску 10 ліпеня. Вечарам адбудзецца ўрачысты пленум менскага горсавета. 11 ліпеня абвешчаны ўрадам БССР нерабочым днем. Ва ўсей рэспубліцы ў гэты дзень адбудуцца ўрачыстыя сходы ў калгасах, пленумы сельсаветаў і раенныя злеты брыгадзіраў і знатных людзей калгасаў. 11 ліпеня днем у Менску адбудзецца грандыезная агульнагарадская дэманстрацыя. У той самы дзень вечарам адкрыецца юбілейная сессія ЦВК на якой рэспубліцы будзе ўручаны ордэн Леніна. 12 ліпеня - дзень масавых гулянняў.

Арганізуецца грандыезная агульнагарадская масоўка, у якой прыме удзел каля 20 тыс. чалавек. Тут былыя чырвоныя партызаны падзеляцца ўспамінамі аб барацьбе за вызваленне Беларусі. На стадыене "Дынама" - вялікае фізкультурнае свята, у якім удзельнічае звыш 1500 фізкультурнікаў.

14 ліпеня: Усесаюзны стараста тав. Калінін у калгасе "Новы шлях". Днем, 12 ліпеня ўсесаюзны стараста Міхаіл Іванавіч Калінін разам з тт. Гікало, Галадзедам, Чарвяковым, Рыскіным і інш. наведалі калгас "Новы шлях" Астрашыцка-Гарадзецкага сельсавета Менскага раена. Сустракаць дарагіх гасцей сабраліся больш тысячы калгаснікаў. Па дарозе былі выстаўлены піянерскія ганаровыя пасты. З вялікай радасцю віталі калгаснікі ўсесаюзнага старасту тав.Калініна і кіраўнікоў ордэнаноснай БССР тт. Гікало, Галадзеда, Чарвякова. Вокліч: "Няхай жыве ўсесаюзны стараста Міхаіл Іванавіч! Няхай жыве наш дарагі Сталін!" пакрываецца доўга незмаўкаючымі апладысментамі і крыкамі "Ура".

Міхаіл Іванавіч ў гутарцы з калгаснікамі цікавіўся іх жыццем, іх працай. Тав. Калінін сказаў:"Я многае ад вас не хочу. Хочу толькі каб вы далі з гектара не менш 100 пудоў зернавых. Магчымасці для гэтага ў вас есць". Старыя калгаснікі, лепшыя ўдарнікі запэўнілі ўсесаюзнага старасту, што яго наказ будзе выканан.

Тав. Калінін з калгаснікамі гутарыў больш гадзіны. Пасля з невялікай прамовай выступіў старшыня ЦВК БССР тав. Чарвякоў, які запэўніў усесаюзнага старасту, што калгаснікі арцелі з гонарам выканаюць узятае абавязацельства.-0-

Версія для друку
Навіны рубрыкі Грамадства
Надвор'e
Мінск
Баранавічы
Бабруйск
Барысаў
Брэст
Варшава
Вільнюс
Віцебск
Гомель
Гродна
Жлобін
Кіеў
Ліда
Мінск
Магілёў
Мозыр
Масква
Орша
Полацк
Рыга
Санкт-Пецярбург
Салігорск

Інфаграфіка

Сярэднестатыстычны беларускі мужчына У агульнай колькасці насельніцтва Беларусі ўдзельная вага мужчын застаецца нязменнай - 46,6%. На пачатак 2018 года колькасць мужчын у рэспубліцы склала 4422 тыс. чалавек.