Сцяг Пятніца, 29 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
19 лютага 2018, 13:45

Да 100-годдзя БЕЛТА: "Навіны складаюць гісторыю". Так пачыналася фотахроніка БЕЛТА

Так пачыналася фотахроніка БЕЛТА

У сярэдзіне 1939 года Савет Народных Камісараў БССР пастанавіў стварыць у складзе БЕЛТА рэдакцыю фотахронікі і фотагазеты. Для гэтага на баланс агенцтва былі перададзены памяшканні і вытворчыя цэхі былога Беларускага аддзялення трэста "Саюзфота". З гэтага моманту БЕЛТА пачало весці не толькі інфармацыйны, але і фатаграфічны летапіс жыцця ў БССР.

27 чэрвеня 1939 года. З пастановы СНК БССР "Аб перадачы выпуску фотагазеты з падпарадкавання Мінгарсавета ў падпарадкаванне БЕЛТА".

"У мэтах канцэнтрацыі ўсёй работы па выпуску фотахронікі, клішэ і фотагазеты ў веданні адной арганізацыі, Савет Народных Камісараў пастанаўляе:

1) Перадаць Беларускаму Тэлеграфнаму Агенцтву (БЕЛТА) пры СНК БССР выпуск фотахронікі і клішэ, выпуск масавага друку /фотагазеты, партрэты, паштоўкі, фотаальбомы/, памяшканні і вытворчыя цэхі былога Беларускага аддзялення трэста "Саюзфота"...

2) Стварыць адзіную арганізацыю "рэдакцыю фотахронікі і фотагазеты БелТА"..."

Фотакарэспандэнты БЕЛТА адлюстравалі ўсе важнейшыя падзеі ў даваенным жыцці краіны, у тым ліку ўз'яднанне Беларусі 1939 года, жыццё вёскі, будні Беларускай асобай ваеннай акругі, фотарэпартажы з Акадэміі навук БССР і Гомельскага чыгуначнага вучылішча нумар 5, партрэты беларускіх лаўрэатаў Сталінскай прэміі, у тым ліку Янкі Купалы, Кандрата Крапівы, народнага артыста БССР Г.П.Глебава, кампазітара А.В.Багатырова. Выпускала агенцтва і тэматычныя выпускі фотапаштовак, напрыклад, у 1941 годзе ўбачыў свет выпуск "Белавежская пушча" з 24 фатаграфій.

Пад фота, апублікаванымі ў рэспубліканскіх газетах у апошнія перадваенныя гады, стаяць прозвішчы Лупейкі, Цёміна, Халдзея, Шаевіча, Савіна, Векера, Шышко, Хеніна, Панькова.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі