Сцяг Пятніца, 19 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
26 лістапада 2018, 15:42

Да 100-годдзя БЕЛТА: "Навiны складаюць гiсторыю". Рэпарцёрскія радкі гісторыі

Рэпарцёрскія радкі гісторыі

Больш за 30 гадоў прапрацаваў у БЕЛТА брэсцкі карэспандэнт Павел Цімафеевіч Сусікаў. Ён прыйшоў у агенцтва ў 1950-х і шмат пісаў аб тым, як развівалася Беларусь у пасляваенны перыяд. У яго паведамленнях - гісторыя будаўніцтва Бярозаўскай ДРЭС, Баранавіцкага баваўнянага камбіната, нафтаправода "Дружба". Аб тым, як рэпарцёрскія радкі ствараюць летапіс краіны, ён расказаў у сваіх успамінах:

"Раніцай 14 ліпеня 1953 года рэдактар дывізіённай газеты, дзе я служыў, А.Ф.Карнавухаў паведаміў, што ёсць загад аб звальненні мяне з радоў арміі ў запас. Вырашыў адразу ж ехаць у Мінск. У аддзеле прапаганды ЦК КПБ сустрэлі ўважліва, распыталі пра жыццё, планы на будучае. А потым прапанавалі мне работу ў БЕЛТА.

Ніколі не забуду першую сустрэчу з дырэктарам агенцтва М. Марозавым. Уразілі яго чуласць, імкненне дапамагчы асвоіцца ў новай абстаноўцы. Відаць, гэта і дапамагло мне перасіліць сябе і не пайсці з агенцтва пасля першых тыдняў работы ўласным карэспандэнтам па Палескай вобласці. А намер такі быў. "Уцякай адсюль куды вочы глядзяць", - гаварыў сабе. А тут яшчэ падсмейваліся калегі, мазырскія ўласныя карэспандэнты рэспубліканскіх газет: "Дык дзе нам прачытаць тваю інфармушку?.."

Марозаўская дабрыня і праніклівасць утрымалі ад неабдуманага кроку. Дагэтуль удзячны за гэта. Мне падабалася яго манера размаўляць. Помніцца, у першы дзень ён спытаў: "Дык, якія вашы ўмовы?" Якія ж я там мог ставіць умовы, хацелася працаваць. Толькі і ўсяго. Так яму і адказаў.

У кабінет зайшоў загадчык рэдакцыі рэспубліканскай інфармацыі Шляфер. Вырашалі, якое даць заданне, каб не ездзіў туды-сюды дарэмна. "Я вось няхай сходзіць у Барысаве на фабрыку піяніна і напіша пра механізацыю дапаможных аперацый". Гэтак з тэмы, не страціўшай актуальнасці і сёння, пачалося маё рэпарцёрскае жыццё…

Праз тыдзень выехаў у Мазыр. Карпункта не было. У гарсавеце абнадзеілі, што першая кватэра, якая вызваліцца ў горадзе, будзе маёй. Дарэчы, старшыня выканкама паскардзіўся: што, калі б меў ён хаця б адзін новы дом, і кватэрнай праблемы не стала б. На той час у гарсавеце на ўліку стаяла… 15 чалавек!

На Палессі ішла ўборка. І вось мой першы грунтоўны матэрыял - карэспандэнцыя пра вопыт работы камбайнера Пушкіна з Нараўлянскага раёна, які ўбраў 500 гектараў збожжавых. Шмат размоў сярод уласных карэспандэнтаў было наконт разведкі нафты. Распаўсюдзіліся нават чуткі, нібыта буравікі ўжо даставілі першую нафту сакратару абкама партыі У.Е.Лабанку. Але час пісаць пра гэта тады яшчэ не настаў.

У пачатку верасня загадам па БЕЛТА мяне перавялі ў Брэст. А ў хуткім часе быў скасаваны шэраг абласцей. Так, на Брэстчыне стала адразу тры ўласныя карэспандэнты: Сусікаў, Герасімаў і Рубінчык - работы хапала ўсім. Мне помніцца, што Рубінчык хутка здаўся, а Герасімаў у Пінску трымаўся некалькі гадоў, перыядычна наязджаючы ў абласны цэнтр "за абагульненнямі", як ён казаў.

Складанасцей у рабоце хапала. Калгасам нашым ад роду было па 4-5 гадоў, эканоміка іх толькі зараджалася. Прамысловасць - дробныя арцелі, паўсаматужныя прадпрыемствы, чыгунка. Штуршок інтэнсіўнаму развіццю індустрыі дала Бярозаўская ДРЭС. У маім дасье захоўваецца летапіс яе будаўніцтва, пуску ўсіх блокаў, расказы пра людзей, якія будавалі энергагігант. На працягу некалькіх гадоў пісаў аб усіх этапах будаўніцтва станцыі. 14 красавіка 1959 года перадаў матэрыял аб пачатку будаўніцтва, а 29 снежня 1961 года ДРЭС дала першы ток.

Захоўваю і гісторыю будаўніцтва Баранавіцкага баваўнянага камбіната, нафтаправода "Дружба", шмат пісаў пра гераічную эпапею абаронцаў Брэсцкай крэпасці. Першым змог перадаць расказ пра знаходку свяшчэннай рэліквіі - сцяг 98-га зенітна-артылерыйскага дывізіёна, які абаронцы ўсходняга фронту схавалі ў зямлю ў адным з казематаў.

У 1960-х гадах асабліва востра паўстала задача ўзмацнення работы на Галоўную рэдакцыю інфармацыі для замежжа. Шчодра дзяліўся вопытам у гэтай справе Мікалай Арышчук. Мне прыйшлася даспадобы яго спакойная манера размаўляць, прастата, ураўнаважанасць у адносінах з уласнымі карэспандэнтамі. Шэраг маіх інфармацый, у тым ліку "З Амерыкі ў Маскву на старадаўнім дыліжансе", "За што Эйзенхаўэр узнагароджваў гітлераўца Хойзінгера ордэнам" узялі замежныя інфармацыйныя агенцтвы, напрыклад, "Франс прэс".

Кур'ёзны выпадак навучыў мяне не выходзіць з дому без блакнота і ручкі.

1 жніўня1966 года пад вечар ішоў па Маскоўскім праспекце. Бачу стаіць трактар ДТ-20 з прычэпам, на ім, звесіўшы ногі ў драўляных чаравіках, сядзяць дзіўныя барадатыя хлопцы, размаўляюць з людзьмі вакол іх на ламанай рускай мове. Аказваецца, галандскія студэнты-дзівакі едуць у Ленінград. Трэба запісаць хто ды што. Але ні алоўка, ні паперы ў кішэнях няма… Усё ж кавалак (нейкая квітанцыя) і аловак для веек у сумачцы жонкі знайшліся. Інфармацыю ў Маскву адразу ж паслаў: "ад Утрэхта да Ленінграда на трактары".

За гады работы ўласным карэспандэнтам сабраў вялікае дасье па сельскай гаспадарцы, прамысловасці, культуры, ваенна-патрыятычнай тэме. І сёння гэты рэпарцёрскі летапіс дапамагае ярчэй даносіць да чытача грандыёзнасць падзей, якія адбыліся на маіх вачах".-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі