Мабільная версія
ДЗЯРЖОРГАНЫ
Апошнія навіны
Усе навіны

Да 100-годдзя БЕЛТА: "Навіны складаюць гісторыю". Першы палёт у космас

Грамадства 12.04.2018 | 14:27
Газета "Известия" 13 красавіка1961 года
Газета "Известия" 13 красавіка1961 года

12 красавіка 1961 года адбыўся першы палёт чалавека ў космас. Усе цэнтральныя і рэгіянальныя газеты СССР размясцілі на сваіх першых палосах паведамленні пра палёт Юрыя Гагарына, перададзеныя галоўным інфармацыйным агенцтвам краіны ТАСС.

Юрый Аляксеевіч Гагарын. 1961 год
Юрый Аляксеевіч Гагарын. 1961 год'

ПРА ПЕРШЫ Ў СВЕЦЕ ПАЛЁТ ЧАЛАВЕКА Ў КАСМІЧНУЮ ПРАСТОРУ

12 красавіка 1961 года ў Савецкім Саюзе выведзены на арбіту вакол Зямлі першы ў свеце касмічны карабель-спадарожнік "Усход" з чалавекам на борце.

Пілотам-касманаўтам касмічнага карабля-спадарожніка "Усход" з'яўляецца грамадзянін Саюза Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік лётчык маёр Гагарын Юрый Аляксеевіч.

Старт касмічнай многаступеньчатай ракеты прайшоў паспяхова, і пасля набору першай касмічнай скорасці і аддзялення ад апошняй ступені ракеты-носьбіта карабель-спадарожнік пачаў свабодны палёт па арбіце вакол Зямлі.

Паводле папярэдніх даных, перыяд абарачэння карабля-спадарожніка вакол Зямлі складае 89,1 мінуты; мінімальная аддаленасць ад паверхні Зямлі (у перыгеі) роўная 175 кіламетрам, а максімальная адлегласць (у апагеі) складае 302 кіламетры; вугал нахілу плоскасці арбіты да экватара 65 градусаў 4 мінуты.

Вага касмічнага карабля-спадарожніка з пілотам-касманаўтам складае 4.725 кілаграма без уліку вагі канечнай ступені ракеты-носьбіта.

З касманаўтам таварышам Гагарыным устаноўлена і падтрымліваецца двухбаковая радыёсувязь. Частоты бартавых караткахвалевых перадатчыкаў складаюць 9,019 мегагерца і 20,006 мегагерца, а ў дыяпазоне ультракароткіх хваль 143,625 мегагерца. З дапамогай радыётэлеметрычнай і тэлевізійнай сістэм ажыццяўляецца назіранне за станам касманаўта ў палёце.

Перыяд вывядзення карабля-спадарожніка "Усход" на арбіту касманаўт таварыш Гагарын перанёс здавальняюча і цяпер адчувае сябе добра. Сістэмы, якія забяспечваюць неабходныя жыццёвыя ўмовы ў кабіне карабля-спадарожніка, функцыянуюць нармальна.

Палёт карабля-спадарожніка "Усход" з пілотам-касманаўтам таварышам Гагарыным на арбіце прадаўжаецца.

***

Паводле атрыманых даных з борта касмічнага карабля "Усход", у 9 гадзін 52 мінуты па маскоўскім часе пілот-касманаўт маёр Гагарын, знаходзячыся над Паўднёвай Амерыкай, перадаў: "Палёт праходзіць нармальна, адчуваю сябе добра".

У 10 гадзін 15 мінут па маскоўскім часе пілот-касманаўт маёр Гагарын, пралятаючы над Афрыкай, перадаў з борта касмічнага карабля "Усход": "Палёт праходзіць нармальна, стан бязважкасці пераношу добра".

У 10 гадзін 25 мінут па маскоўскім часе, пасля аблёту зямнога шара ў адпаведнасці з зададзенай праграмай, была ўключана тармазная рухальная ўстаноўка і касмічны карабель-спадарожнік з пілотам-касманаўтам маёрам Гагарыным пачаў зніжацца з арбіты для прызямлення ў зададзеным раёне Савецкага Саюза.

АБ ПАСПЯХОВЫМ ВЯРТАННІ ЧАЛАВЕКА З ПЕРШАГА КАСМІЧНАГА ПАЛЁТУ

Пасля паспяховага правядзення намечаных даследаванняў і выканання праграмы палёту 12 красавіка 1961 года ў 10 гадзін 55 мінут па маскоўскім часе савецкі карабель "Усход" зрабіў паспяховую пасадку ў зададзеным раёне Савецкага Саюза.

Лётчык-касманаўт маёр Гагарын паведаміў: "Прашу паведаміць партыі і ўраду і асабіста Мікіту Сяргеевічу Хрушчову, што прызямленне прайшло нармальна, адчуваю сябе добра, траўмаў і ўдараў не маю".

Ажыццяўленне палёту чалавека ў касмічную прастору адкрывае грандыёзныя перспектывы пакарэння космасу чалавецтвам.

(Паведамленні ТАСС у газеце "Известия" 13 красавіка 1961 года)

Першы палёт чалавека ў космас уразіў усю краіну і ўвесь свет. Бясконцым патокам у Маскву ляцелі віншавальныя тэлеграмы. Вось як пра гэта расказваў карэспандэнт БЕЛТА:

Ганарымся грамадзянінам Савецкага Саюза

12 КРАСАВІКА НА МІНСКІМ ЦЭНТРАЛЬНЫМ ТЭЛЕГРАФЕ

Як у святочны дзень, працаваў сёння Мінскі цэнтральны тэлеграф. Сотні віншавальных тэлеграм, адрасаваных Цэнтральнаму Камітэту КПСС, Савецкаму ўраду, Акадэміі навук СССР, рэдакцыям газет і радыё і асабіста Юрыю Аляксеевічу Гагарыну прайшлі праз апараты. Працоўныя Беларусі захапляюцца грандыёзным поспехам Савецкай Радзімы ў асваенні космасу і подзвігам першага ў гісторыі пілота-касманаўта.

Яму, адважнаму савецкаму чалавеку, ужо раніцай паслалі прывітальную тэлеграму студэнты энергетычнага факультэта Беларускага політэхнічнага інстытута. "Мы ў захапленні ад гістарычнага подзвігу, - пісалі яны, - здзейсненага савецкай навукай і асабіста Вамі. Пачуцці гордасці напаўняюць нашы маладыя сэрцы, якія б'юцца ва ўнісон з Вашым палётам. Прыміце гарачыя віншаванні і нашу падзяку".

У кароткай тэлеграме, якая перадавалася праз Мінск у Маскву з Баранавіч, паспяшаліся выказаць свае пачуцці работнікі мясцовага завода буддэталей. Ад усёй душы работнікі прадпрыемства жадаюць Юрыю Аляксеевічу Гагарыну здароўя і шчаслівага вяртання на Зямлю.

Па меры таго, як маскоўскае радыё паведамляла аб паспяховым ходзе палёту і, нарэшце, паведаміла аб шчаслівым вяртанні героя-касманаўта на Зямлю, мяняецца і характар тэлеграм. Усё больш і больш тэлеграм, адрасаваных асабіста Гагарыну. Студэнты 34-й групы пятага курса Мінскага медыцынскага інстытута пішуць аб тым, што здзейснілася найвялікшая падзея ў гісторыі чалавецтва. Ганарымся трыумфам нашай навукі і зайздросцім Гагарыну, - заканчваюць яны сваю тэлеграму.

12 красавіка 1961 года на Мінскім цэнтральным тэлеграфе. Фота БЕЛТА
12 красавіка 1961 года на Мінскім цэнтральным тэлеграфе. Фота БЕЛТА'

Работнікі "Галоўаргкалгасбуда" БССР пішуць: "Поўныя гордасці за нашу партыю, за нашу Радзіму, якія выхавалі савецкіх людзей для здзяйснення небывалых дасягненняў. Слава вучоным, якія стварылі карабель "Усход" для палёту чалавека ў космас".

Неўзабаве пасля паведамлення радыё калектыў шчучынскага завода "Аўтапровад" паслаў у Маскву тэлеграму аб тым, што рабочыя і інжынеры прадпрыемства, натхнёныя велізарным дасягненнем савецкай навукі і тэхнікі, Савецкай дзяржавы, гераізмам Юрыя Гагарына, абавязваюцца датэрмінова выканаць красавіцкі план і даць прадукцыю выдатнай якасці.

Пілота-касманаўта, савецкіх вучоных і тэхнікаў павіншавалі інжынеры-петрографы Белгалоўгеалогіі, настаўнікі 4-й школы г. Пінска, супрацоўнікі аддзела галоўнага металурга станкабудаўнічага завода імя Кірава, калектыў Слуцкага хлебазавода, работнікі Любанскай раённай канторы сувязі, супрацоўнікі Мінскага цэнтральнага тэлеграфа і многія іншыя.

Увесь дзень праз Мінскі тэлеграф ішлі віншавальныя тэлеграмы ад працоўных Беларусі. У іх выказвалася велізарная радасць, законная гордасць беларускага народа за нашу вялікую Камуністычную партыю, магутную Савецкую Радзіму, за нашага гераічнага савецкага чалавека, які першым пабываў у космасе і паспяхова вярнуўся на Зямлю.

(Паведамленне БЕЛТА ў газеце "Мінская праўда" 13 красавіка 1961 года).-0-

Версія для друку
Навіны рубрыкі Грамадства
Надвор'e
Мінск
Баранавічы
Бабруйск
Барысаў
Брэст
Варшава
Вільнюс
Віцебск
Гомель
Гродна
Жлобін
Кіеў
Ліда
Мінск
Магілёў
Мозыр
Масква
Орша
Полацк
Рыга
Санкт-Пецярбург
Салігорск

Інфаграфіка

Вынікі "Тыдня лесу - 2018" "Тыдзень лесу - 2018" быў прымеркаваны да Года малой радзімы і прысвечаны аднаўленню лясоў, што пацярпелі ад масавага распаўсюджвання насякомых-шкоднікаў у 2017 годзе.