Сцяг Аўторак, 16 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
08 лютага 2018, 13:41

Да 100-годдзя БЕЛТА: "Навіны складаюць гісторыю". Алімпійскі агонь у Мінску

19 ліпеня 1980 года фірменным поездам "Беларусь" з Масквы ў Мінск прыбыў алімпійскі агонь. Беларуская сталіца прымала адборачныя матчы футбольных спаборніцтваў Маскоўскай Алімпіяды-80. Везла алімпійскі агонь у Мінск гімнастка Вольга Корбут. На стадыёне "Дынама" запаліў яго барэц Аляксандр Мядзведзь.

XXII летнія Алімпійскія гульні 1980 года былі першымі ў гісторыі на тэрыторыі Усходняй Еўропы, а таксама сталі першай Алімпіядай, праведзенай у сацыялістычнай краіне. Да гэтага свята рыхтаваліся некалькі гадоў. Адказна падышла да галоўнай спартыўнай падзеі і беларуская сталіца. Менавіта да Алімпіяды-80 была здадзена аўтамабільная траса Брэст - Масква. Абнавіўся стадыён "Дынама": былі ўстаноўлены гіганцкія мачты асвятлення і новае венгерскае табло, надбудаваны другі ярус трыбун, абсталяваны пакоі для прэсы.

Усе этапы падрыхтоўкі і правядзення алімпійскіх спаборніцтваў у Мінску асвятлялі карэспандэнты БЕЛТА, самыя яркія моманты зафіксавалі фотакарэспандэнты агенцтва.

СВЯТА СПОРТУ, МІРУ І ДРУЖБЫ

У сталіцы Гульняў XXII Алімпіяды ёсць алімпійскія спадарожнікі - Ленінград, Кіеў, Мінск і Талін. Як і Масква, яны жывуць у гэтыя дні падзеямі яркага сусветнага свята спорту. Бо для атлетаў няма спаборніцтваў больш значных за Алімпійскія гульні, няма больш ганаровага тытула, чым чэмпіён Алімпіяды. Менавіта гэтыя спаборніцтвы найбольш ярка акумуліруюць сілу і мужнасць, гармонію прыгажосці і волю да перамогі.

Сталіца Савецкай Беларусі гасцінна сустрэла ўдзельнікаў групавога турніру па футболе, якія ў напружанай спартыўнай барацьбе заваявалі права выступаць на Алімпіядзе.

20 ліпеня алімпійскі агонь, які "начаваў" на Цэнтральнай плошчы беларускай сталіцы, прадоўжыў свой шлях да стадыёна "Дынама". Ва ўрачыстай абстаноўцы спартсмен-разраднік, цясляр-бетоншчык БУ-16 будтрэста нумар 1 Леанід Бусько, які працаваў на рэканструкцыі гэтага спартыўнага будынка, запаліў факел ад агню чашы. Эстафета рушыла да вуліцы Леніна, дзе яе прыняла дзевяцікласніца сярэдняй школы нумар 122 горада Мінска Ала Трахоўцава - чэмпіёнка БССР, член зборнай каманды рэспублікі па лёгкай атлетыцы...

Пакуль прадаўжаецца эстафета, зазірнём на мінскі стадыён "Дынама". Галоўная спартыўная арэна рэспублікі, якая ўмяшчае больш за 50 тысяч гледачоў, абнавілася. Мінчане пастараліся зрабіць усё, каб выступленні гасцей на футбольным полі былі паспяховымі, а іх знаходжанне ў нашым горадзе - прыемным, радасным і запамінальным.

Пачынаецца маляўнічае свята-парад. Яго адкрываюць сцяганосцы, якія нясуць сцягі.

Зноў знаёмая мелодыя марша А. Пахмутавай "Старт дае Масква". Пачынаецца сумеснае святочнае выступленне сцяганосцаў са сцягамі, сувораўцаў-барабаншчыкаў і дзяўчат-барабаншчыц. Практыкаванні спартсменаў вянчаюць гукі алімпійскіх фанфар. На электратабло ўзнікаюць словы: "Горад-герой Мінск вітае ўдзельнікаў Алімпіяды".

З паўночных варот дзяўчаты ў суправаджэнні вясёлых Мядзведзяў-талісманаў выносяць таблічкі з назвамі краін-удзельніц - Алжыра, ГДР, Ірана, Нацыянальнага алімпійскага камітэта Іспаніі, Коста-Рыкі, Сірыі, Фінляндыі, Югаславіі...

Занальны футбольны турнір у Мінску Гульняў XXII Алімпіяды аб'яўляецца адкрытым... На бегавой дарожцы стадыёна з факелам завяршальнага этапу эстафеты з'яўляецца адзін з выдатных атлетаў сучаснасці, трохразовы чэмпіён Алімпійскіх гульняў, сяміразовы чэмпіён свету, ганаровы грамадзянін горада Мінска Аляксандр Мядзведзь. У суправаджэнні асістэнтаў - вядомых гімнастак Г.Крыленка і Т.Трафімовіч - ён накіроўваецца да чашы для алімпійскага агню. Урачыста гучаць фанфары. Затым настае цішыня.

Спартсмен запальвае алімпійскі агонь. Святочным феерверкам расквечвае неба над чашай стадыёна. На электратабло з'яўляюцца словы "Хутчэй. Вышэй. Мацней".

(Паведамленне БЕЛТА ў газеце "Физкультурник Белоруссии", 20 ліпеня 1980 года).-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі