Сцяг Аўторак, 19 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
21 мая 2018, 16:24

Да 100-годдзя БЕЛТА: "Навіны складаюць гісторыю". Норму выканаць і перавыканаць

Неад'емнай часткай савецкай рэчаіснасці было сацыялістычнае спаборніцтва. У Беларусі яно ўпершыню разгарнулася вясной 1929 года. На першай паласе кожнай рэспубліканскай газеты на працягу ўсяго савецкага перыяду гісторыі Беларусі змяшчаліся паведамленні БЕЛТА аб поспехах у сацыялістычным спаборніцтве, ды і само агенцтва ўдзельнічала ў спаборніцкім працэсе паміж падраздзяленнямі ТАСС, у склад якога ўваходзіла.

Самым высокім паказчыкам прафесіяналізму работнікаў інфармагенцтваў лічылася апублікаванне іх інфармацыі ў "Правде", "Известиях" або ў дружалюбнай Савецкаму Саюзу замежнай прэсе. Аб творчых магчымасцях кожнага калектыву ТАСС меркавала ў першую чаргу па гэтым паказчыку.

Для ўсіх рэспубліканскіх інфармацыйных службаў ТАСС даводзіла норму інфармацый і артыкулаў для саюзнага і замежнага друку. Для БЕЛТА такая норма ў 1944 годзе (з 10 сакавіка) складала 400 інфармацый, у 1945-м - 600, у 1946-м - 700. Адпаведна было прынята 350 (87 працэнтаў), 529 (88 працэнтаў) і 897 (128 працэнтаў) паведамленняў.

У 1946 годзе БЕЛТА ўпершыню выйшла на першае месца сярод саюзных інфармацыйных агенцтваў. "Сярод агенцтваў на першым месцы па выкананні нормы стаіць Беларускае агенцтва. Яму ж належыць першае месца па якасці інфармацый" (з паведамлення ТАСС).

БЕЛТА ставіла перад сабой высокія мэты і імкнулася да іх дасягнення. Наступны артыкул датуецца канцом 1946 года і прысвечаны пастаноўцы задач на новы 1947 год, ён так і называецца:

Новы год - новыя задачы

Наша краіна ўступіла ў другі год новай сталінскай пяцігодкі. З новай сілай разгарэліся агні ўсенароднага сацыялістычнага спаборніцтва за аднаўленне і далейшае развіццё ўсіх галін народнай гаспадаркі і культуры. Аператыўна і ўсебакова паказаць у нашай інфармацыі барацьбу працоўных Беларускай ССР за ажыццяўленне сталінскай праграмы пяцігодкі - ганаровы абавязак усіх работнікаў БЕЛТА.

Працуючы ў цяжкіх умовах аднаўлення агенцтва, калектыў БЕЛТА завяршыў 1946 год нядрэннымі паказчыкамі. Газеты рэспублікі атрымалі ад БЕЛТА ў 1946 годзе амаль утрая больш матэрыялаў, чым у любым з даваенных гадоў. І па выкананні нормы і па якасці інфармацыі, перададзенай у ТАСС, наша агенцтва заняло ў 1946 годзе першае месца сярод агенцтваў саюзных рэспублік.

Новы год ставіць перад работнікамі БЕЛТА новыя задачы з усёй яснасцю вызначаныя вядомымі рашэннямі ЦК ВКП(б) па пытаннях ідэалагічнай работы. Выконваючы гэтыя задачы, кожны карэспандэнт, кожны супрацоўнік БЕЛТА абавязаны дзень пры дні павялічваць долю сваёй літаратурнай працы, рэзка палепшыць якасць інфармацыі, яе аператыўнасць і рознабаковасць.

У мінулым годзе абласныя карэспандэнты БЕЛТА слаба прыцягнулі да сваёй работы аўтарскі актыў - стаханаўцаў прамысловасці і сельскай гаспадаркі, інжынераў, аграномаў, настаўнікаў, работнікаў партыйнага і савецкага апаратаў, супрацоўнікаў абласных і раённых газет. З усіх карэспандэнтаў толькі т. Апетаў (Віцебск) устанавіў у мінулым годзе сувязь з актывам, падабраў у буйных раёнах і на асноўных прадпрыемствах вобласці карэспандэнтаў-сумяшчальнікаў. У выніку ў БЕЛТА штомесяц паступала з Віцебскай вобласці да 50 інфармацый. У студзені і лютым 1947 года кожны абласны карэспандэнт БЕЛТА абавязаны з дапамогай райкамаў партый скончыць падбор карэспандэнтаў-сумяшчальнікаў. Гэта мерапрыемства дасць магчымасць значна пашырыць геаграфію інфармацый і не толькі выконваць, але і перавыконваць устаноўленыя на 1947 г. нормы перадачы інфармацыі ў ТАСС і ў БЕЛТА. З першых жа месяцаў новага года з кожнай вобласці павінна паступіць не менш як дзесяць высакаякасных аператыўных інфармацый, якія можна было б паслаць у ТАСС для друку СССР і замежнай прэсы.

Такім чынам, справа не толькі ў абавязковым выкананні месячнай нормы кожным карэспандэнтам БЕЛТА. У спаборніцтве карэспандэнтаў БЕЛТА ў новым годзе лепшымі будуць лічыцца тыя, якія выканалі і перавыканалі норму.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі