Сцяг Пятніца, 29 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
26 студзеня 2018, 19:02

Да 100-годдзя БЕЛТА: "Навiны складаюць гiсторыю". Адзін дзень беларускай навукі

28 студзеня адзначаецца Дзень беларускай навукі. Гэта свята было ўстаноўлена ў 1993 годзе. Журналісты БЕЛТА за ўсю гісторыю існавання агенцтва напісалі мноства матэрыялаў пра навуку. Вялікія і маленькія адкрыцці і вынаходствы мінулых гадоў, многія з якіх сёння ўспрымаюцца як рэчы звычайныя, заўсёды былі прадметам пільнай увагі нашых карэспандэнтаў.

Успомнім адзін дзень з жыцця беларускай навукі з дапамогай унікальнай кнігі "Дзень сусвету". У гэтым выданні паводле задумы рэдактараў - М.Горкага і М.Кальцова - сабраны інфармацыйныя паведамленні з усяго свету за адзін, выпадкова выбраны дзень - 27 верасня 1935 года. Так аказалася, што трэць навін пра Беларусь у гэты дзень датычыцца менавіта навукі.

СКЛАДАНАЯ АПЕРАЦЫЯ

У першай гомельскай чыгуначнай бальніцы праведзена складаная аперацыя рабочаму Крывіцкаму. Да аперацыі хворы хадзіў з сагнутай нагой, яна была нерухомай у сцягне. Каб выпрастаць нагу і зрабіць рухомым сцягно, доктар Абрумянцаў раздрабіў сцягно на некалькі частак, злучыў іх і загіпсаваў нагу. Гэты ж хірург аперацыйным шляхам устараніў касалапасць ног у двух маленькіх дзяцей.

РАСКОПКІ СТАРАЖЫТНЫХ КУРГАНОЎ

У будынку Беларускай акадэміі навук археолагі разбіраюць прывезеныя са станцыі цюкі. Тут чарапкі старажытнага посуду, малаткі, сякеры, разнастайныя косткі, знойдзеныя пры раскопках старажытных беларускіх курганоў і тарфяных масіваў.

БЕЛАРУСКАЯ ЭНЦЫКЛАПЕДЫЯ

Пачата камплектаванне першага тома беларускай савецкай энцыклапедыі. Аб'ём першага тома - трыццаць друкаваных лістоў. Ён пачынаецца словам "Аагамія" і заканчваецца "Белапольская акупацыя".

НАШЫ ВЫНАХОДНІКІ

На тэрыторыі навукова-даследчай станцыі механізацыі і электрыфікацыі сельскай гаспадаркі ідуць выпрабаванні машын.

Выпрабоўваецца бульбакамбайн сістэмы Мацэпура. Ён выкопвае за дзесяць гадзін два гектары бульбы і ў час работы аддзяляе клубні ад бульбоўніку. Для ручнога капання двух гектараў бульбы патрэбна сорак рабочых.

Мацэпура - сын селяніна, нарадзіўся ў глухім Палессі, у вёсцы Барбарове, Нараўлянскага раёна.

На станцыю за кансультацыяй прыехаў вынаходнік - калгаснік Гарлачоў. Звыш тысячы льнотрапалак сістэмы Гарлачова працуе ўжо ў калгасах Беларусі і Маскоўскай вобласці. Цяпер Гарлачоў заняты механізацыяй сваёй ільнотрапалкі. Дзве льнотрапалкі злучаюцца разам. Гэта скароціць патрэбную колькасць рабочых з шаснаццаці да чатырох чалавек.

У Наркамзем БССР з'явіўся малапісьменны калгаснік Хатулёў Цімафей (калгас "Чырвоная змена", Суражскага раёна). Ён прывёз з сабой мадэль удасканаленай ільномалатарні "Эдзі". Новая льномалатарня "Эдзі-Хатулёва" павышае прадукцыйнасць працы ў пяць-шэсць разоў, паляпшаючы якасць абмалоту.

БАТАНІЧНЫ САД

Сёння ў батанічным садзе навуковы работнік тав. Куляшова адбірае расліны для гербарыяў, заказаных мінскімі, гомельскімі і віцебскімі школамі. Садоўнік Ахрэменка складае партрэты Леніна і Сталіна з жывых кветак.

У лабараторыі праводзіцца чыстка насення. Раслін у садзе больш за 3 500 відаў. Насенне накіроўваецца для абмену ва ўсе сады свету. Навуковыя супрацоўнікі чытаюць пошту:

"Колькі цыбулін цюльпанаў трэба вам выслаць за тыя карані вяргіні, якія я прашу, і калі іх выслаць? - піша грамадзянін Логаў са Слуцка. - У мяне ёсць трыццаць каранёў вінаграду аднагодак і дзесяць двухгодак. Ёсць і стары вінаград, які дае ўраджай. Магу вам выслаць слуцкі вінаград". Неадкладна аддаецца распараджэнне выслаць Логаву ў абмен вяргіні.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі