Сцяг Аўторак, 23 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
18 верасня 2017, 11:42

Чэмпіянат Беларусі па фотабёрдынгу пройдзе 30 верасня ў Мінску

18 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Чэмпіянат Беларусі па фотабёрдынгу пройдзе 30 верасня ў Мінску, паведамілі БЕЛТА ў грамадскай арганізацыі "Ахова птушак Бацькаўшчыны".

У адрозненне ад звычайнага бёрдвотчара, які назірае за птушкамі ў бінокль, задача фотабёрдара - сфатаграфаваць птушак у прыродных умовах. Каб выйграць чэмпіянат, трэба за 5 гадзін сфатаграфаваць як мага больш розных відаў птушак. За кожны від удзельнік атрымлівае балы. Для таго, каб атрымаць максімальную колькасць балаў, неабходна не толькі зрабіць здымак, але і правільна вызначыць від птушкі. Асобна будзе выбраны лепшы здымак чэмпіянату. Як і на папярэдніх спаборніцтвах, журы можа ўвесці дадатковыя намінацыі і адзначыць асобных удзельнікаў або цікавыя фота. Пераможцы атрымаюць прызы.

У АПБ звярнулі ўвагу на тое, што ў Мінску сустракаецца больш як палавіна адзначаных у Беларусі відаў птушак. "Чэмпіянаты па фотабёрдынгу праходзілі ўжо тры разы ў Мінску, адзін раз у Гомелі і адзін раз у Брэсце. Упэўнены, што і гэты чэмпіянат прынясе свае сюрпрызы. З аднаго боку, восенню птушак куды менш, чым вясной. З іншага - цяпер ідзе міграцыя, а гэта дае ўдзельнікам шанц зрабіць здымкі рэдкіх птушак, якія не гняздуюцца ў Беларусі, але пралятаюць праз нашу краіну, - адзначыў супрацоўнік АПБ па прыродаахоўных пытаннях, каардынатар чэмпіянату Сямён Левы. - Наяўнасць прафесійнай камеры вітаецца, але не абавязкова, можна прыйсці з мабільным тэлефонам. Галоўнае, каб на фатаграфіі было відаць хаця б адну характэрную адзнаку віду".

Чэмпіянаты Беларусі па фотабёрдынгу праходзілі ўжо ў Лошыцкім парку, Чыжоўцы і на Цнянцы. На гэты раз арганізатары выберуць новае месца ў сталіцы. Маршрут будзе аб'яўлены за тыдзень да старту.

Удзельнічаць можна як індывідуальна, так і ў камандзе з двух чалавек. Для гэтага патрэбна запоўніць заяўку на сайце АПБ і адправіць яе па адрасе levy@ptushki.org. Заяўкі прымаюцца да 10.00 29 верасня.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі