17 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Чатыры праекты, распрацаваныя Беларускім тэлеграфным агенцтвам, сталі пераможцамі інтэрнэт-прэміі "ТІБО-2018", перадае карэспандэнт БЕЛТА з цырымоніі ўзнагароджання.
Лепшыя беларускія інтэрнэт-рэсурсы ў гэтым годзе вызначалі ў 10 намінацыях. Адразу дзве распрацоўкі БЕЛТА ўвайшлі ў тройку пераможцаў сярод рэсурсаў рэспубліканскіх органаў дзяржкіравання: сайт Следчага камітэта (другое месца) і сайт Міністэрства па падатках і зборах (трэцяе месца).
Сярод інтэрнэт-рэсурсаў гарадскіх, абласных і раённых выканаўчых камітэтаў першае месца прысуджана афіцыйнаму сайту Іўеўскага раённага выканаўчага камітэта (распрацоўка БЕЛТА). Яшчэ адна распрацоўка агенцтва - сайт Мядзельскага райвыканкама - заняла другое месца. Акрамя таго, спецыяльны дыплом журы ў гэтай жа намінацыі атрымаў сайт Гродзенскага аблвыканкама (распрацоўка БЕЛТА).
Інтэрнэт-прэмія "ТІБО" з'яўляецца прэміяй аргкамітэта выстаўкі і прысуджаецца сеткавым работам, створаным у беларускім сектары інтэрнэту за важкія мастацкія, тэхналагічныя і сацыякультурныя дасягненні ў галіне інфармацыі, культуры, мастацтва і адукацыі.
З 2003 года ў конкурсе прынялі ўдзел больш за 7 тыс. інтэрнэт-рэсурсаў. Асноўнымі мэтамі прэміі з'яўляюцца: садзейнічанне развіццю беларускага сектара інтэрнэту, укараненню новых інфармацыйных тэхналогій і прапаганда лепшых дасягненняў беларускага сектара інтэрнэту.
У бягучым годзе конкурсу "Інтэрнэт-прэмія ТІБО" спаўняецца 16 гадоў. Міжнародны форум "ТІБО-2018" праходзіць з 14 па 18 мая ў Мінску.-0-