7 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Больш за тысячу маладзёжных экіпажаў працуюць на ўборачнай у Беларусі, паведамілі БЕЛТА ў рэспубліканскім штабе студэнцкіх атрадаў БРСМ.
Паводле даных штаба, на палях беларускіх сельскагаспадарчых прадпрыемстваў і арганізацый у час уборачнай кампаніі працуюць 1042 маладзёжныя экіпажы камбайнераў, на адвозе збожжа задзейнічаны 789 маладых вадзіцеляў. Найбольш іх у Мінскай вобласці - 216 і 146 адпаведна.
"Традыцыйна ва ўсіх рэгіёнах краіны сярод маладзёжных уборачных экіпажаў і маладых вадзіцеляў, занятых на адвозцы збожжа пры ўборцы збожжавых і зернебабовых культур, арганізаваны спаборніцтвы. Іх мэта не толькі ў павышэнні прадукцыйнасці працы маладых працаўнікоў вёскі, занятых на ўборцы ўраджаю, і ў заахвочванні іх працоўнай ініцыятывы, але і ў папулярызацыі сельскагаспадарчай працы і прафесій адпаведнага профілю", - адзначылі ў рэспубліканскім штабе студатрадаў. Бацькам маладых механізатараў і вадзіцеляў, якія асабліва вызначацца ў час уборачнай кампаніі, БРСМ накіруе падзячныя пісьмы за дастойнае выхаванне сыноў і дачок, прывіццё ім любові да працы і роднай зямлі.
Свой уклад у харчовую незалежнасць Беларусі ўносяць і сельскагаспадарчыя атрады. Цяпер тэрытарыяльныя штабы студэнцкіх атрадаў БРСМ заключылі з прадпрыемствамі аграрнага комплексу дагаворы на работу 173 сельскагаспадарчых студэнцкіх атрадаў. Колькасць рабочых месц перасягае 4,2 тыс. У жніўні-верасні сельскагаспадарчыя атрады будуць задзейнічаны ў асноўным на ўборцы сельгаспрадукцыі, ільну. Акрамя таго, яны будуць працаваць на зернесушыльных комплексах.
На гэты момант у складзе 133 студэнцкіх атрадаў сельскагаспадарчага профілю працаўладкавана больш за 1,6 тыс. юнакоў і дзяўчат. Інфармацыю аб рабоце моладзі на палях краіны можна знайсці ў групах БРСМ у сацыяльных сетках.-0-