Сцяг Пятніца, 19 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
18 кастрычніка 2017, 19:29

Больш за 30 званкоў паступіла ўжо на прамую лінію па развіцці сістэмы ЖКГ

18 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Больш за 30 званкоў паступіла ўжо на прамую лінію па развіцці сістэмы ЖКГ у Беларусі, якая пачала 18 кастрычніка работу ў Міністэрстве жыллёва-камунальнай гаспадаркі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Прапановы прымаюцца па тэлефоне 8(017) 200-19-01. Пазваніць на прамую лінію можна з 9.00 да 20.00.

Галоўная мэта правядзення прамой лініі - збор прапаноў па ўдасканаленні і развіцці сістэмы жыллёва-камунальнай гаспадаркі. Большасць прапаноў, што паступілі сёння, датычацца функцыянавання службы 115, якая была створана ў Мінску ў 2015 годзе ў рамках рэфармавання сферы ЖКГ. Іх сутнасць заключаецца ў тым, што службу 115 трэба ўдасканальваць: сёння заяўкі прымаюцца, але да іх выканання ёсць пытанні, да таго ж зваротнай сувязі з заяўнікам няма, лічаць тыя, хто звярнуўся на прамую лінію.

Прапановы таксама датычыліся выкарыстання беларускіх матэрыялаў пры капітальным рамонце жылля, павелічэння тэрмінаў пераразліку платы за ЖКП у выпадку часовай адсутнасці зарэгістраваных, абсталявання ліфтаў энергаэфектыўнымі асвятляльнымі прыборамі, дыферэнцыяцыі тарыфаў за вываз смецця, устаноўкі прыбораў уліку цеплавой энергіі. Грамадзяне таксама выступілі за тое, каб узмацніць адказнасць аўтамабілістаў за паркоўку на зялёных зонах - на іх думку, дзяржорганы, у тым ліку Мінжылкамгас, павінны звярнуць асаблівую ўвагу на гэту праблему.

"Мы гатовы выслухаць грамадзян, абагульніць і прааналізаваць інфармацыю, якая паступіла, улічыць яе пры ўнясенні змяненняў у нарматыўныя прававыя акты, пры прыняцці кіраўніцкіх рашэнняў для вырашэння праблем", - адзначыў начальнік аддзела па рабоце са зваротамі грамадзян і сродкаў масавай інфармацыі Мінжылкамгаса Генадзь Аксціловіч.

Нягледзячы на тое, што прамая лінія адкрыта для збору прапаноў па ўдасканаленні сістэмы ЖКГ, паступалі і званкі са скаргамі - у кагосьці ёсць праблемы з ацяпленнем у доме, хтосьці незадаволены якасцю прыбірання пад'ездаў. "Па ўсіх зваротах мы спрабуем зрэагаваць або пераадрасаваць іх у структуру, якая непасрэдна займаецца пытаннем, з якім звяртаецца грамадзянін. Калі праблема даволі сур'ёзная - вырашэнне будзе аж да прыняцця мер на ўзроўні міністэрства", - дадаў Генадзь Аксціловіч.

Прамая тэлефонная лінія, пазваніўшы на якую любы зацікаўлены зможа ўнесці свае прапановы па ўдасканаленні і развіцці жыллёва-камунальнай гаспадаркі Беларусі, будзе працаваць з 18 па 20 кастрычніка. Такія прапановы ўжо з пачатку верасня бягучага года прымаліся электронным спосабам праз спецыяльную рубрыку на сайце Мінжылкамгаса. За гэты час у міністэрства паступіла больш за 30 прапаноў, якія плануецца прааналізаваць і абагульніць, улічваючы таксама тыя, што паступілі на прамую тэлефонную лінію. У далейшым плануецца ўнесці прапановы па іх рэалізацыі, у тым ліку шляхам карэкціроўкі дзеючага заканадаўства.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі