Сцяг Серада, 24 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
27 ліпеня 2016, 10:39

Больш як 26 тыс. зваротаў паступіла на гарачую лінію "Ла Страда Беларусь" за 15 гадоў

27 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Больш як 26 тыс. зваротаў паступіла на гарачую лінію "Ла Страда Беларусь" за 15 гадоў, паведамілі БЕЛТА ў міжнародным грамадскім аб'яднанні "Гендарныя перспектывы".

"Праграма "Ла Страда" на працягу 15 гадоў аказвае садзейнічанне ў бяспечнай міграцыі і дапамозе пацярпелым ад гандлю людзьмі. Пачынаючы з 2001 года на інфармацыйную тэлефонную лінію (кароткі нумар 113), электронную пошту consultation@lastrada.by і праз паслугу анлайн-кансультавання на сайце праграмы паступіла больш як 26 тыс. зваротаў", - інфармавалі ў аб'яднанні.

З гэтага года праграма "Ла Страда" запусціла ўнікальны фармат аказання сацыяльнай паслугі - анлайн-кансультаванне праз сайт для патэнцыяльных мігрантаў. За тры месяцы работы праз такую форму ўзаемадзеяння са спецыялістамі кансультацыі атрымалі амаль 300 чалавек.

 

Тэма, звязаная з процідзеяннем гандлю людзьмі, - адна з ключавых у рабоце праграмы "Ла Страда". За 15-гадовую дзейнасць праграмы дапамога аказана 345 пацярпелым ад гандлю людзьмі і іх сваякам.

"Мы дапамагаем вярнуцца дадому пацярпелым і сустракаем іх пры вяртанні на радзіму, - адзначыла кіраўнік праграмы "Ла Страда" Алена Несцярук. - Прадастаўляем псіхалагічную, медыцынскую, юрыдычную дапамогу, а ў выпадку неабходнасці - і часовы прытулак, садзейнічаем у перанавучанні і працаўладкаванні. Але галоўнае - папярэдзіць праблему. Менавіта таму павышаная ўвага ўдзяляецца інфармацыйна-адукацыйнай рабоце. Так, спецыялісты і трэнеры "Ла Страда" за студзень-чэрвень бягучага года правялі 175 трэнінгавых заняткаў на тэму бяспечнай міграцыі і карэнных прычын праблемы амаль для 3 тыс. чалавек у розных гарадах Беларусі".

У цэлым, згодна з аналізам зваротаў у праграму, самыя папулярныя тэмы кансультацый звязаны з працаўладкаваннем (39,4 працэнта), пашпартна-візавым рэжымам (14,3 працэнта), сямейна-шлюбнымі адносінамі, у тым ліку заключэннем/скасаваннем шлюбаў, выездам за мяжу з мэтай знаёмства (10,2 працэнта), іміграцыяй (8,2 працэнта), навучаннем (5,3 працэнта).

Часцей па кансультацыю па электроннай пошце і на інфалінію 113 звяртаюцца жанчыны (59 працэнтаў), чым мужчыны (41 працэнт). А вось анлайн-кансультаванне праз сайт у большай ступені запатрабавана ў мужчын (54 працэнты), чым у жанчын (46 працэнтаў).

Мужчыны ў большасці выпадкаў задаюць пытанні аб працаўладкаванні, а таксама пашпартна-візавым рэжыме і іміграцыі. У меншай ступені мужчынскую аўдыторыю цікавяць нюансы сямейна-шлюбных адносін - каля 3 працэнтаў зваротаў.

Працаўладкаванне - прыярытэтная тэма і для жанчын. Такіх зваротаў 27,1 працэнта. Акрамя гэтага жанчынам цікавы пытанні, якія датычацца пашпартна-візавага рэжыму (18,6 працэнта), сямейна-шлюбных адносін (15,2 працэнта), іміграцыі (8,1 працэнта).

Работу інфалініі 113 у Беларусі адмініструюць арганізацыі МГА "Гендарныя перспектывы" і ГА "Клуб дзелавых жанчын".

Міжнароднае грамадскае аб'яднанне "Гендарныя перспектывы" з'яўляецца членам міжнароднай асацыяцыі "Ла Страда". Гэта сетка арганізацый была створана ў 1995 годзе з мэтай процідзеяння гандлю людзьмі ў краінах Цэнтральнай і Усходняй Еўропы. На гэты момант міжнародная сетка дзейнічае ў такіх краінах, як Беларусь, Балгарыя, Македонія, Малдова, Нідэрланды, Польшча, Украіна, Чэхія.

30 ліпеня - Сусветны дзень барацьбы з гандлем людзьмі. У 2013 годзе Генеральная асамблея Арганізацыі Аб'яднаных Нацый правяла сустрэчу на высокім узроўні для ацэнкі рэалізацыі Глабальнага плана дзеянняў па барацьбе з гандлем людзьмі. Тады і была прынята рэзалюцыя, якая абвяшчае, што 30 ліпеня, у Сусветны дзень барацьбы з гандлем людзьмі, неабходна павышаць дасведчанасць аб становішчы ахвяр гандлю людзьмі для абароны іх правоў.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі