Сцяг Аўторак, 19 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
21 чэрвеня 2018, 13:46

Бязвізавыя зоны Брэсцкай і Гродзенскай абласцей плануецца аб'яднаць

21 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Турысцка-рэкрэацыйныя зоны Брэсцкай і Гродзенскай абласцей, якія замежныя госці могуць наведваць без візы, плануецца аб'яднаць, паведаміў журналістам намеснік дырэктара Дэпартамента па турызме - начальнік аддзела планавання і арганізацыі турыстычнай дзейнасці Міністэрства спорту і турызму Віталь Грыцэвіч, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Паводле слоў Віталя Грыцэвіча, міністэрства разлічвае на павелічэнне патоку індывідуальных турыстаў у гэтыя рэгіёны.

"З 1 студзеня толькі Гродзенскую вобласць па бязвізавым рэжыме наведалі амаль 30 тыс. чалавек, з кастрычніка 2016 года - 80 тыс. Павялічыўся тэрмін наведвання турыстычнай зоны з 5 да 10 дзён, пашырылася зона дзеяння бязвізавага рэжыму. Ад Гродзенскага аблвыканкама паступаюць прапановы па ўключэнні ў яе Навагрудка, але пакуль мы праводзім аналіз эфектыўнасці прынятых рашэнняў. У планах праглядаецца аб'яднанне дзвюх турыстычных зон у адну", - адзначыў Віталь Грыцэвіч.

Турысцка-рэкрэацыйная зона "Брэст", у якую ў тым ліку ўваходзіць нацыянальны парк "Белавежская пушча", з пачатку года прыняла больш за 5 тыс. гасцей. На думку намесніка дырэктара Дэпартамента па турызме, аб'яднанне дзвюх зон дало б магчымасць далей развіваць веласіпедныя і пешаходныя маршруты, якія карыстаюцца попытам.

Як паведамлялася, парадак бязвізавага знаходжання іншаземцаў у Брэсцкай і Гродзенскай абласцях вызначаны ўказам нумар 462, ён пачаў дзейнічаць з 1 студзеня 2018 года. У адпаведнасці з дакументам павялічана колькасць пунктаў пропуску для бязвізавага ўезду ў турыстычных мэтах, устаноўлены тэрмін наведвання, які не перавышае 10 дзён, пашырана тэрыторыя для часовага знаходжання.

Так, для замежных турыстаў парку "Аўгустоўскі канал" дазволена знаходжанне на тэрыторыі Гродна і Гродзенскага раёна, для наведвальнікаў Нацыянальнага парку "Белавежская пушча" - на тэрыторыі турысцка-рэкрэацыйнай зоны "Брэст" (Брэст, Брэсцкі, Жабінкаўскі, Камянецкі і Пружанскі раёны Брэсцкай вобласці, Свіслацкі раён Гродзенскай вобласці). Пры гэтым для наведвання Аўгустоўскага канала або турысцка-рэкрэацыйнай зоны "Брэст" замежным грамадзянам трэба мець пры сабе дзеючы дакумент для выезду за мяжу і дакумент, які дае права на індывідуальнае або групавое наведванне адпаведнай тэрыторыі. Прапанаваны парадак распаўсюджваецца на грамадзян з 77 краін.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі