Сцяг Пятніца, 29 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
17 сакавіка 2016, 16:20

Бязвізавы рэжым з Кітаем для тургруп пачне дзейнічаць у красавіку-маі

17 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Бязвізавы рэжым з Кітаем для арганізаваных турыстычных груп пачне дзейнічаць у красавіку-маі, паведаміў сёння дырэктар дэпартамента па турызме Міністэрства спорту і турызму Беларусі Вадзім Кармазін на калегіі дэпартамента, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"З Кітаем падпісаны пратакол да міжурадавага пагаднення аб узаемных бязвізавых групавых турыстычных паездках. Плануецца, што бязвізавы рэжым для тургруп пачне дзейнічаць у красавіку-маі гэтага года", - адзначыў Вадзім Кармазін. Кітайскім бокам дакумент ужо ратыфікаваны, Беларусь плануе завяршыць адпаведныя працэдуры ў бліжэйшы час.

Пры гэтым бязвізавы рэжым будзе дзейнічаць менавіта для групавых турыстычных паездак.

Паводле слоў Вадзіма Кармазіна, для каардынацыі дзеянняў Беларусь і Кітай плануюць стварыць сумесную турыстычную кампанію. Беларусь таксама прэзентуе свой патэнцыял на выстаўках у Паднябеснай і запросіць прадстаўнікоў кітайскага турбізнесу ў азнаямленчыя туры.

Як раней паведамляў Вадзім Кармазін у інтэрв'ю БЕЛТА, для кітайцаў у Беларусі рыхтуюцца спецыяльныя турыстычныя маршруты і даведнікі. Пры арганізацыі адпачынку будзе ўлічвацца спецыфіка кітайскага туррынку. Напрыклад, кітайцы выказваюць інтарэс да ўсяго, што звязана з камуністычнай эпохай, папулярны экалагічны і аздараўленчы турызм.

Акрамя таго, са жніўня 2015 года дзейнічае ўказ, які ўстанаўлівае для грамадзян КНР бязвізавы парадак уезду і выезду, а таксама транзітнага праезду праз тэрыторыю Беларусі і часовага знаходжання ў краіне на тэрмін да трох сутак. Такі парадак прадугледжаны для грамадзян КНР, якія прыбываюць прамымі авіярэйсамі з Кітая, пры наяўнасці ў пашпарце дзеючай візы дзяржаў - членаў Еўрапейскага саюза або дзяржаў - удзельніц Шэнгенскай зоны.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі