Сцяг Чацвер, 28 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
11 лістапада 2019, 19:35

БелТІЗ праводзіць кампанію ў падтрымку нацыянальнага плана па стварэнні інклюзіўнага грамадства

11 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Грамадскае аб'яднанне "Беларускае таварыства інвалідаў па зроку" пры падтрымцы і ўдзеле Міністэрства працы і сацыяльнай абароны па 5 снежня ўключна праводзіць рэспубліканскую адвакацыйную кампанію "Інклюзіўнае грамадства: інвестыцыі ў будучыню", паведаміў карэспандэнту БЕЛТА намеснік старшыні цэнтральнага праўлення ГА "БелТІЗ" Міхаіл Антоненка.

Кампанія стартавала ў Брэсце і праходзіць ва ўсіх рэгіёнах краіны прыкладна па аднолькавым сцэнарыі: дыскусійная панэль, навучальныя майстар-класы і невялікі канцэрт людзей з інваліднасцю па зроку.

"Наша мэта - удасканальваць сацыяльную абарону людзей з інваліднасцю па зроку, іх інтэграцыю і ўключэнне ў грамадства, садзейнічаць стварэнню даступнага асяроддзя, умоў для ўсебаковага развіцця. Усё гэта закладзена ў Нацыянальным плане дзеянняў па рэалізацыі ў Беларусі палажэнняў Канвенцыі аб правах інвалідаў на 2017-2025 гады, - растлумачыў Міхаіл Антоненка. - Каб дапамагчы прадстаўнікам розных дзяржаўных органаў, сфер абслугоўвання лепш зразумець асаблівасці і патрэбнасці людзей з інваліднасцю па зроку, мы і праводзім дыскусію, навучаем архітэктараў, праектантаў, работнікаў аховы здароўя, адукацыі, сацыяльнай абароны, сферы паслуг таму, як стварыць па-сапраўднаму даступнае асяроддзе, як узаемадзейнічаць з людзьмі са слабым зрокам".

У Мінску мерапрыемства кампаніі адбудзецца ў Доме Масквы 13 лістапада, у Міжнародны дзень сляпых. У пасяджэнні дыскусійнай панэлі будуць удзельнічаць кіраўніцтва Мінпрацы і сацабароны, БелТІЗа, Мінскага аблвыканкама. Дзве рабочыя секцыі будуць прысвечаны тэмам "Даступнае асяроддзе для людзей з інваліднасцю па зроку" і "Этыка стасункаў і правілы камунікацыі з людзьмі са слабым зрокам". Чакаецца, што мерапрыемства прыцягне больш за 150 удзельнікаў. Пасля завяршэння запланаваны канцэрт з удзелам выканаўцаў з інваліднасцю па зроку.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі