Сцяг Субота, 20 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
06 лютага 2019, 13:18

БЕЛТА атрымала статус афіцыйнага медыяпартнёра II Еўрапейскіх гульняў 2019 года

6 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларускае тэлеграфнае агенцтва (БЕЛТА) і фонд "Дырэкцыя II Еўрапейскіх гульняў 2019 года" заключылі сёння пагадненне аб супрацоўніцтве і прысваенні БЕЛТА статусу афіцыйнага медыяпартнёра маючага адбыцца спартыўнага форуму, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Пагадненне прадугледжвае аператыўнае асвятленне ходу падрыхтоўкі і правядзення II Еўрапейскіх гульняў 2019 года ў шырокім мультымедыйным фармаце на шасці мовах (рускай, беларускай, англійскай, іспанскай, нямецкай, кітайскай) на анлайн-рэсурсах БЕЛТА (belta.by, belarus.by). Прадугледжаны рэгулярныя публікацыі інфармацыйных і аналітычных матэрыялаў у друкаваных выданнях агенцтва - газеце "7 дней", часопісах "Беларуская думка" і "Экономика Беларуси. Economy of Belarus".

"Супрацоўнікі Беларускага тэлеграфнага агенцтва і раней актыўна асвятлялі ход падрыхтоўкі да II Еўрапейскіх гульняў, візіты інспектараў з ЕАК, прымалі ўдзел ва ўсіх мерапрыемствах. СМІ праведзена ўжо вялікая работа: у кожным кутку нашай краіны ведаюць, якая самая значная падзея адбудзецца летам 2019 года ў Мінску. Важна, што інфармацыя БЕЛТА выходзіць на шасці мовах, гэта садзейнічае папулярызацыі маючага адбыцца спартыўнага форуму. Многія вядучыя сусветныя інфармагенцтвы, сайты, такія як Inside the Games, выкарыстоўваюць у сваіх навінах матэрыялы БЕЛТА. На сайце агенцтва ўжо даўно ёсць рубрыка аб II Еўрапейскіх гульнях, на якую многія часта пераходзяць, і я ў тым ліку, і ў зручным фармаце могуць прачытаць навіны аб маючай адбыцца спартыўнай падзеі", - расказаў дырэктар фонду Георгій Катулін.

Генеральны дырэктар БЕЛТА Ірына Акуловіч адзначыла, што агенцтва ўжо выпусціла каля 450 матэрыялаў, больш за 300 фота аб ходзе падрыхтоўкі II Еўрапейскіх гульняў у Мінску, а з сённяшняга дня на сайце будзе запушчаны відэапраект, які раскажа аб тым, як да маючага адбыцца спартыўнага форуму рыхтуюцца атлеты, трэнеры, арганізатары. "У БЕЛТА вялікі фотаархіў, і плануем стварыць яшчэ адзін праект, у якім у фатаграфіях раскажам не толькі аб II Еўрапейскіх гульнях, але і ў цэлым як развіваўся спорт у Беларусі. Будуць выкарыстаны здымкі самых розных перыядаў у жыцці нашай краіны. Сёння да спорту прыцягнута сур'ёзная ўвага чытачоў. Напрыклад, высокая цікавасць да англамоўнай версіі сайта ў час чэмпіянату Еўропы па фігурным катанні ў Мінску назіралася сярод наведвальнікаў з замежных краін. БЕЛТА шырока будзе асвятляць II Еўрапейскія гульні ў друкаваных выданнях агенцтва, актыўна будзем супрацоўнічаць з інфармагенцтвамі іншых краін, з якімі ў нас ёсць пагадненні аб партнёрстве, з Асацыяцыяй нацыянальных інфармагенцтваў (АНІА)", - сказала дырэктар.

Афіцыйным медыяпартнёрам II Еўрапейскіх гульняў стаў таксама выдавецкі дом "Беларусь сегодня". У медыяхолдынг уваходзяць рэдакцыі газет "СБ. Беларусь сегодня", "Рэспубліка", "Народная газета", "Сельская газета" і "Знамя юности", інтэрнэт-рэсурс sb.by, радыёстанцыя "Альфа Радыё".

"У сучасным свеце спорт з'яўляецца фактарам грамадскага і палітычнага жыцця не толькі нашай краіны, але і цэлых кантынентаў. Задача нашага выдавецкага дома - данесці поўную і аб'ектыўную карціну падрыхтоўкі і правядзення II Еўрапейскіх гульняў, перадаць эмоцыі на спартыўных пляцоўках. "Беларусь сегодня" ўжо ўключылася ў працэс асвятлення будучага форуму: працуе прэс-цэнтр II Еўрапейскіх гульняў, у якім атлеты і трэнеры расказваюць, як яны рыхтуюцца да маючых адбыцца стартаў, важнае значэнне надаём распаўсюджванню інфармацыі ў сацсетках. Напрыклад, цырымонію падпісання аб супрацоўніцтве з дырэкцыяй II Еўрапейскіх гульняў ужо ўбачылі каля 1,5 тыс. наведвальнікаў", - расказаў дырэктар - галоўны рэдактар выдавецкага дома Дзмітрый Жук.

Беларусь атрымала права правядзення II Еўрапейскіх гульняў у 2019 годзе на 45-м пасяджэнні Генеральнай асамблеі Еўрапейскіх алімпійскіх камітэтаў (ЕАК) у кастрычніку 2016 года ў Мінску.

II Еўрапейскія гульні пройдуць у беларускай сталіцы з 21 па 30 чэрвеня 2019 года на 12 спартыўных аб'ектах. Больш за 4 тыс. атлетаў з 50 краін разыграюць 199 камплектаў узнагарод у 15 відах спорту. Спаборніцтвы ў 8 відах спорту стануць кваліфікацыйнымі да XXXII Алімпійскіх гульняў 2020 года ў Токіа (Японія).-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі