Сцяг Пятніца, 19 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
02 лістапада 2016, 18:20

Белстат намаляваў партрэт сярэднестатыстычнага беларускага мужчыны

2 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У Беларусі на 1 студзеня 2016 года налічвалася 4 420,8 тыс. мужчын - 46,5 працэнта ад агульнай колькасці насельніцтва, паведамілі БЕЛТА ў Нацыянальным статыстычным камітэце.

Беларусь належыць да катэгорыі краін, дзе на працягу доўгага перыяду часу колькасць мужчынскага насельніцтва меншая за колькасць жаночага, падкрэслілі ў Белстаце.

Трэба адзначыць, што хлопчыкаў заўсёды нараджаецца больш, чым дзяўчынак (у 2015 годзе з'явілася на свет 61,3 тыс хлопчыкаў і 57,7 тыс. дзяўчынак). Як вынік, на 1 000 народжаных хлопчыкаў прыпадала ўсяго 939 дзяўчынак. Па меры сталення дыспрапорцыя паміж паламі выраўноўваецца, і ва ўзросце 30-33 гадоў суадносіны жанчын і мужчын становяцца прыкладна аднолькавымі, а потым пачынаюць складвацца на карысць жаночага насельніцтва. У пажылым узросце назіраецца найбольшая дыспрапорцыя. Так, да 65 гадоў мужчын становіцца ў паўтара раза менш, чым жанчын, а да 74 гадоў - больш чым у два разы.

Сярэдні ўзрост мужчын у Беларусі - 37,3 года. Прычым у гарадах мужчынскае насельніцтва значна маладзейшае, чым у сельскай мясцовасці (сярэдні ўзрост гараджан - 36,2 года, вяскоўцаў - 40,9 года). У агульнай колькасці мужчын 65,3 працэнта знаходзяцца ў працаздольным узросце, 15,6 працэнта - старэйшыя за працаздольны ўзрост, 19,1 працэнта - маладзейшыя за працаздольны.

Дзякуючы рэалізацыі дзяржаўных сацыяльных праграм і палітыцы ў галіне аховы здароўя павялічваецца чаканая працягласць жыцця як сярод жанчын, так і сярод мужчын. У 2015 годзе гэты паказчык у мужчын склаў 68,6 года, у жанчын - 78,9 года. З 2005 года разрыў у чаканай працягласці жыцця паміж мужчынамі і жанчынамі скараціўся з 12,2 да 10,3 года.

У мінулым годзе ўзялі шлюб 82 тыс. мужчын, з іх упершыню стварылі сям'і 59,5 тыс. Мужчыны аддаюць перавагу ствараць сем'і ва ўзросце 25-29 гадоў (кожны трэці мужчына, які ўзяў шлюб) і 20-24 гадоў (кожны чацвёрты). У мінулым годзе з агульнай колькасці жаніхоў 1 263 беларусы выбралі нявесту з Расіі, 711 - з Украіны, 33 - з Літвы, 20 - з Латвіі, 12 - з Ізраіля.

Сусветны дзень мужчын адзначаецца ў першую суботу лістапада з 2000 года. Гэта свята - нагода прыцягнуць увагу грамадскасці да важнасці захавання здароўя мужчын, а таксама да гендарнай роўнасці пры вызначэнні важнасці ролі мужчын у сям'і і выхаванні дзяцей.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі