Сцяг Пятніца, 29 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
27 ліпеня 2017, 19:14

"Белфармацыя": адпускныя цэны на лякарствы амаль не змяніліся з лютага 2016 года

27 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Адпускныя цэны на беларускія лякарствы амаль не змяніліся з лютага 2016 года. Аб гэтым паведаміў генеральны дырэктар РУП "Белфармацыя" Вячаслаў Гніцій у інтэрв'ю газеце "Медицинский вестник", паведамляе БЕЛТА.

Паводле слоў Вячаслава Гніція, на прадпрыемстве пастаянна праводзіцца аналіз адпускных цэн на лякарствы айчыннай вытворчасці і кантрактных цэн на імпартныя прэпараты. З лютага 2016 года адпускныя цэны на беларускія медыкаменты практычна не змяняліся. На імпартныя лякарствы кантрактныя цэны не павышаліся. У выніку работы, праведзенай "Белфармацыяй" сумесна з Міністэрствам аховы здароўя, шэраг кампаній у бягучым годзе знізілі кантрактныя цэны на асобныя найменні лекавых сродкаў.

Сумесна з абласнымі прадпрыемствамі "Фармацыя" праведзены параўнальны аналіз узроўню кантрактных цэн у Беларусі і цэн у суседніх дзяржавах - Расіі, Польшчы, Украіне. Цяпер вядуцца перагаворы з пастаўшчыкамі па іх зніжэнні. Вячаслаў Гніцій адзначыў, што кантрактныя цэны на лякарствы ў кожнай краіне залежаць ад мноства фактараў: палітыкі вытворцаў пры пастаўках на той ці іншы рынак, аб'ёму рынку, аб'ёму і кратнасці паставак, наяўнасці/адсутнасці мытных бар'ераў, лакалізацыі вытворчасці, патрабаванняў дзяржавы да працэсу рэгістрацыі, упакоўкі, захоўвання і транспарціроўкі.

Як у дзяржаўнай аптэчнай сетцы, так і ў аптэках суб'ектаў недзяржаўнай формы ўласнасці праводзяцца рэспубліканскія маніторынгі ўзроўню рознічных цэн на лякарствы, праверкі фарміравання іх пры разглядзе зваротаў грамадзян па пытаннях росту цэн. Парушэнняў парадку фарміравання рознічных цэн не ўстаноўлена. Шэраг суб'ектаў гаспадарання пры гэтым прымяняюць зніжаныя, у параўнанні з гранічнымі ўстаноўленымі ўказам нумар 366, гандлёвыя надбаўкі.

Каб выключыць абгрунтаваныя скаргі насельніцтва па пытанні рознічных цэн і забяспечыць аднастайнасць цэн па краіне, па даручэнні Міністэрства аховы здароўя "Белфармацыя" распрацавала пералік рэкамендаваных гранічных рознічных цэн на лякарствы, па якіх яны рэалізуюцца ўсімі юрыдычнымі асобамі і індывідуальнымі прадпрымальнікамі, якія вядуць рознічны гандаль. На 1 ліпеня бягучага года пералік уключае 1,3 тыс. гандлёвых найменняў.

Паводле даных Нацыянальнага статыстычнага камітэта, індэкс спажывецкіх цэн па групе "Медыкаменты" за студзень-май 2017 года не перавышае 98,3.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі