Сцяг Пятніца, 29 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
29 ліпеня 2016, 16:28

"Белавія" плануе восенню зніжаць тарыфы для пасажыраў

29 ліпеня, Мінск /Святлана Саўко - БЕЛТА/. "Белавія" плануе зніжаць тарыфы для пасажыраў восенню, паведаміў сёння журналістам генеральны дырэктар кампаніі Анатоль Гусараў, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Паводле слоў гендырэктара, "Белавія" працуе над зніжэннем тарыфаў. "Думаю, што мы будзем восенню з паступленнем новых самалётаў прапаноўваць практычна па ўсіх нашых напрамках больш нізкія тарыфы для пасажыраў", - сказаў Анатоль Гусараў.

Ён дадаў, што ў "Белавія" задаволены вынікамі работы за першае паўгоддзе, якое кампанія завяршыла з прыбыткам. "Нягледзячы на пэўныя цяжкасці ў эканоміцы мы змаглі нарасціць і аб'ёмныя паказчыкі, і фінансавыя", - адзначыў гендырэктар.

Адказваючы на пытанне, як ідзе рэбрэндынг кампаніі, Анатоль Гусараў расказаў, што гэта работа завяршаецца. Спецыялісты "Белавія" цяпер знаходзяцца ў ЗША. "15 жніўня мы чакаем прыбыцця першага самалёта ў новай ліўрэі", - удакладніў ён. Плануецца, што другі Boeing 737-800 прызямліцца ў Мінску ў верасні, трэці - у лістападзе. Самалёты будуць у кампаноўцы эканомкласа, яны разлічаны на 189 пасажыраў. Авіякампанія плануе іх выкарыстоўваць на ўжо існуючых чартарных маршрутах. Высокая эканамічная эфектыўнасць самалётаў дасць магчымасць знізіць выдаткі, а павялічаная далёкасць палёту зробіць магчымым больш доўгія бесперасадачныя маршруты, у тым ліку на Тэнерыфе і ў Дубай.

Рэбрэндынг "Белавія" прадугледжвае не проста змяненне афарбоўкі самалётаў, формы бортправаднікоў, лётнага саставу, але і змену арганізацыі работы. Асобная ўвага будзе ўдзелена бартавому харчаванню. Што датычыцца афарбоўкі самалётаў, то чакаецца, што пасля рэбрэндынгу яна зменіцца кардынальна. Раней у авіякампаніі заяўлялі, што новая гама будзе блізка да нацыянальных колераў Беларусі, але не да зялёнага і чырвонага. Распрацоўку візуальнай канцэпцыі рэбрэндынгу "Белавія" прафінансавала кампанія Boeing.

Што датычыцца Boeing 737-300, афарбаванага ў фірменныя колеры кампаніі Wargaming, то першы свой рэйс гэты самалёт зробіць ужо заўтра ў Маскву. У пачатку жніўня ён адправіцца ў Вільнюс, дзе салон абновяць пад новую ліўрэю. "Вельмі хацелася б, каб гэты праект паслужыў большаму ўмацаванню іміджу Беларусі ў многіх краінах", - падкрэсліў Анатоль Гусараў.

"Белавія" - буйнейшы авіяперавозчык Беларусі. Цяпер флот кампаніі налічвае 27 паветраных суднаў. "Белавія" ажыццяўляе рэгулярныя рэйсы ў 47 аэрапортаў 28 краін Еўропы і Азіі.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі