Сцяг Пятніца, 19 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
20 красавіка 2018, 17:31

Беларускія медыкі асвоілі новую тэхналогію лячэння хранічнай сардэчнай недастатковасці

20 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларускія медыкі асвоілі новую тэхналогію лячэння пацыентаў з хранічнай сардэчнай недастатковасцю, паведаміла журналістам намеснік дырэктара па тэрапеўтычнай дапамозе РНПЦ "Кардыялогія" Алена Курлянская, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Штогод у РНПЦ укараняюцца перадавыя метады лячэння хранічнай сардэчнай недастатковасці. Новая тэхналогія - рэнтгенэндаваскулярная карэкцыя мітральнага клапана - паказана пацыентам, у якіх пашыраны камеры сэрца, дрэнна працуе левы жалудачак і не функцыянуе мітральны клапан", - сказала Алена Курлянская.

Раней такім пацыентам выконвалі адкрытыя аперацыі на сэрцы - у РНПЦ яны праводзяцца на высокім узроўні. Новая тэхналогія дае магчымасць міні-інвазіўна вырашыць праблему недастатковасці мітральнага клапана. Калі раней чалавеку пасля перанесенага аперацыйнага ўмяшання на аднаўленне патрабавалася каля 10 дзён, то цяпер на гэта спатрэбіцца ўсяго два дні.

У асноўным аперацыя паказана пацыентам, у якіх дыягнаставана функцыянальная мітральная недастатковасць, набытая ў выніку кардыяміяпатыі. Калі чалавек перанёс хранічную рэўматычную хваробу сэрца або ў яго міксаматозная дэгенерацыя створак мітральнага клапана, гэту тэхналогію не прымяняюць: клапан пашкоджаны ўжо, вырашыць праблему можа толькі адкрытая аперацыя. Менавіта таму важна правільна падабраць пацыентаў. У мэтавай групы аперацыя эфектыўная ў 90 працэнтах выпадкаў.

Загадчык рэнтген-аперацыйнай РНПЦ "Кардыялогія" Алег Паланецкі растлумачыў сутнасць новай тэхналогіі. "Аперацыя заключаецца ў тым, што мы аднаўляем пашкоджаны мітральны клапан - менавіта ён забяспечвае накіраваны струмень крыві. Калі па нейкіх прычынах клапан не выконвае сваю функцыю, створкі перастаюць шчыльна змыкацца, узнікае адваротны струмень крыві, што павышае нагрузку на сэрца і запускае заганны круг, калі адна праблема ўскладняе іншую", - расказаў доктар.

Новая тэхналогія дае магчымасць вырашыць праблему незмыкальнасці створак без вялікага разрэзу. Па сутнасці, разрэз і зусім адсутнічае. Доступ ажыццяўляецца праз пункцыю сцегнавой вены. У камеру сэрца ўводзіцца спецыяльная кліпса памерам каля 7 мм, якая пад кантролем рэнтгена і ультрагуку павінна "злавіць" створкі мітральнага клапана і злучыць іх. "Перавага тэхналогіі ў тым, што, злучыўшы створкі клапана, мы да апошняга моманту не знімаем сістэму. Адчэпліванне адбываецца толькі тады, як пераканаемся, што кліпса стаіць у патрэбным месцы і яна эфектыўная", - дадаў Алег Паланецкі.

Па новай тэхналогіі ў РНПЦ 19 красавіка прааперыраваны дзве жанчыны, у якіх з-за кардыяміяпатыі развілася недастатковасць мітральнага клапана. Пацыенткі працяглы час наглядаліся ў лабараторыі сардэчнай недастатковасці, аднак з-за пагаршэння стану ім спатрэбілася аперацыя. "Пасля аперацыйнага ўмяшання знікнуць сімптомы сардэчнай недастатковасці, пацыенткі перастануць скардзіцца на задышку, змогуць весці нармальны лад жыцця", - сказала Алена Курлянская.

Першыя 8-10 аперацый беларускія медыкі выканаюць пад кантролем калег з Грэцыі. Пасля гэтага пачнуць праводзіць аперацыі самастойна. Да гэтага кардыяхірургі з РНПЦ прайшлі абучэнне ў адным з еўрапейскіх цэнтраў.

Пры выкананні аперацыі задзейнічана вялікая каманда спецыялістаў: два хірургі, анестэзіёлаг, спецыяліст ультрагукавой дыягностыкі, а таксама медыцынскія сёстры і санітары - увогуле каля 10-15 чалавек.

Новая тэхналогія вельмі дарагая. Аднак з улікам кошту шпіталізацыі і рэабілітацыі пацыента ў цэлым лячэнне па гэтай методыцы абыходзіцца істотна ніжэй. Патрэбнасць у такіх аперацыях даволі высокая. Аб'ём праводзімых умяшанняў будзе залежаць ад наяўнасці расходных матэрыялаў.

Рэнтгенэндаваскулярная карэкцыя мітральнага клапана - гэта даволі новая тэхналогія для ўсёй медыцынскай сусветнай супольнасці. Упершыню аперацыя была выканана ў 2003 годзе ў Венесуэле. Цяпер яе асвойваюць па ўсім свеце. Да гэтага часу праведзена каля 60 такіх умяшанняў. Беларусь стала першай у СНД, дзе ўкаранілі гэты высокатэхналагічны метад лячэння пацыентаў.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі