Сцяг Субота, 20 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
22 чэрвеня 2019, 14:51

Беларускія і замежныя рэканструктары аднавілі эпізоды абароны Брэсцкай крэпасці

22 чэрвеня, Брэст /Кар. БЕЛТА/. Тысячы брастаўчан і турыстаў сталі гледачамі ваенна-гістарычнай рэканструкцыі "22 чэрвеня. Брэсцкая крэпасць", прысвечанай 78-й гадавіне пачатку Вялікай Айчыннай вайны, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Пачалося дзейства з паказу мірнага жыцця гарнізона і таго, як войскі НКУС адлоўлівалі дыверсантаў. Гэта карціна змянілася раптоўным артналётам фашыстаў. Адным з першых у бой з нямецкай штурмавой групай уступіў асабовы склад трэцяга батальёна 84-га стралковага палка пад кіраўніцтвам Самвела Матэвасяна. Яго ролю выканаў Алег Калашнікаў з Варонежа.

"На самай справе, цяжка сабе ўявіць, што адчувалі людзі ў гэты момант. Бо тут няма сапраўдных выбухаў, снарадаў, куль. І хоць я мужчына, не бывае такога, каб не заплакаў. Неперадавальныя адчуванні, калі ты ляжыш і глядзіш у чыстае, спакойнае, мірнае неба, а ўсведамляеш, што быццам бы ты загінуў. Шкадаванне ніякага няма, адчуваю гонар, што абаронцы не здаліся, а біліся да апошняга. Дзякуй тым, хто загінуў тут па-сапраўднаму", - сказаў Алег Калашнікаў.

Былі паказаны і іншыя гераічныя і драматычныя эпізоды: здача ў палон мірнага насельніцтва, контратака байцоў Усходняга форта і подзвіг маёра Пятра Гаўрылава, гераізм артылерыстаў на чале з яфрэйтарам Васілём Валакіціным і пагранічнікаў заставы лейтэнанта Андрэя Кіжаватава. Для ўзмацнення эфекту рэканструктары выкарыстоўвалі халастыя снарады і піратэхніку. У пастаноўцы было задзейнічана больш за 500 аматараў гісторыі з 14 краін.

"Канва сцэнарыя абароны крэпасці застаецца нязменнай, стараемся аднавіць асноўныя гістарычныя эпізоды. Дабаўляем толькі новыя моманты, каб паказаць гераізм як мага большай колькасці абаронцаў", - адзначыў старшыня Савета грамадскага аб'яднання "Ваенна-гістарычны клуб "Гарнізон" Юрый Кірэеў.

Арганізатарамі мерапрыемства з'яўляюцца Брэсцкія абласны і гарадскі выканкамы, абласны Цэнтр маладзёжнай творчасці, грамадскае аб'яднанне "Ваенна-гістарычны клуб "Гарнізон", абласны і гарадскі ваенныя камісарыяты.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі