Сцяг Пятніца, 29 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
19 ліпеня 2017, 10:43

Беларускія і кітайскія спецназаўцы адпрацавалі прыёмы барацьбы з тэрарыстамі

19 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Спецыяльны атрад хуткага рэагавання ўнутраных войскаў МУС Беларусі і спецатрад "Лоўчы сокал" Народнай узброенай паліцыі Кітая адпрацавалі сумесныя дзеянні па процістаянні тэрарыстычнай групоўцы, якая захапіла населены пункт і заложнікаў, на палігоне аператыўна-тактычнай падрыхтоўкі Універсітэта грамадзянскай абароны МНС у Барысаўскім раёне, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

18 ліпеня прайшлі комплексныя тактычныя заняткі і ўрачыстая цырымонія закрыцця сумеснай беларуска-кітайскай трэніроўкі. На мерапрыемстве прысутнічалі міністр унутраных спраў Ігар Шуневіч, міністр па надзвычайных сітуацыях Уладзімір Вашчанка, намеснік міністра ўнутраных спраў - камандуючы ўнутранымі войскамі Юрый Караеў, намеснік дзяржаўнага сакратара Савета бяспекі Андрэй Уцюрын, таксама камандуючы Народнай узброенай паліцыяй КНР Нін Ван.

Паводле легенды тактычных заняткаў, група тэрарыстаў з 15 чалавек захапіла населены пункт Светлая Рошча. Баевікі напалі на аддзяленне міліцыі і адміністрацыю, захапілі заложнікаў. Па камандзе кіраўніка тры пошукавыя групы зводных падраздзяленняў спецыяльнага прызначэння пачалі пошук незаконнага ўзброенага фарміравання. Групы пошуку, дзейнічаючы ў складзе баявых двоек і троек, пад прыкрыццём бранятэхнікі знайшлі і затрымалі некаторых тэрарыстаў, тых, хто аказваў узброенае супраціўленне - расстрэльвалі. Частцы баевікоў удалося схавацца ў чыгуначным саставе, аўтобусе, самалёце і будынку міліцыі. Спецназаўцы правялі паспяховыя аперацыі па затрыманні і знішчэнні злачынцаў на гэтых аб'ектах.

Гаворачы аб сумеснай трэніроўцы, Юрый Караеў адзначыў, што за сем дзён падраздзяленні спецназа дзвюх краін паспяхова адпрацавалі элементы баявога парадку спецаперацыі па знішчэнні тэрарыстычнага фарміравання, нягледзячы на моўны бар'ер дабіліся зладжанасці як у рабоце парамі, так і групамі. "Заняткі ўдаліся, яны прайшлі вельмі паспяхова, - падкрэсліў намеснік міністра. - Усе дзейнічалі хутка, зладжана, без замінкі. Дазіраванае выкарыстанне ў трэніроўцы бранятэхнікі, сродкаў імітацыі і халастых патронаў стварылі ўмовы, набліжаныя да баявой спецыяльнай аперацыі".

Ён адзначыў высокі баявы дух і матываванасць кітайскіх спецназаўцаў. "Нават па страявым кроку, па тым, як яны выконваюць гімн, відаць іх матываванасць і стараннасць. Байцы КНР вызначаюцца вынослівасцю, добрай фізічнай і агнявой падрыхтоўкай", - сказаў Юрый Караеў.

Нін Ван, адказваючы на пытанне журналістаў аб выніках сумеснай трэніроўкі, адзначыў, што гэта толькі пачатак, у планах - узмацненне супрацоўніцтва з беларускімі калегамі ў барацьбе з міжнародным тэрарызмам. "Міжнародны тэрарызм стаў агульнай пагрозай для ўсяго чалавецтва. Трэніруючыся, мы ўносім актыўны ўклад у справу барацьбы з тэрарызмам. Мы дасягнулі поспехаў у галіне бяспекі, гэта добры вынік. У далейшым мы плануем узмацніць механізм супрацоўніцтва паміж нашымі дзяржавамі", - сказаў ён.

Сумесная антытэрарыстычная трэніроўка "Адзіны шчыт - 2017" прайшла 11-18 ліпеня на тэрыторыі Беларусі. Спецназаўцы дзвюх краін адпрацавалі сумесныя дзеянні ў контртэрарыстычнай аперацыі па спыненні дзейнасці незаконнага ўзброенага фарміравання. Такія мерапрыемствы даюць магчымасць удасканальваць навыкі камандзіраў у кіраванні падраздзяленнямі спецпрызначэння пры выкананні сумесных задач, выпрацоўваць у асабовага складу высокія баявыя і маральныя якасці, а таксама ўмацаваць псіхалагічную ўстойлівасць.-0-

Фота Раміля Насібуліна.

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі