Сцяг Серада, 24 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
04 снежня 2017, 14:00

Беларускія дэпутаты маюць намер разгледзець папраўкі па пытаннях генна-інжынернай дзейнасці

4 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларускія дэпутаты на вясенняй сесіі плануюць разгледзець у першым чытанні папраўкі ў некаторыя законы па пытаннях бяспекі генна-інжынернай дзейнасці, паведаміла карэспандэнту БЕЛТА член Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па адукацыі, культуры і навуцы Алена Колеснева.

Законапраектам прадугледжваецца ўнясенне змяненняў і дапаўненняў у закон ад 9 студзеня 2006 года "Аб бяспецы генна-інжынернай дзейнасці". Дакумент прыводзіцца ў адпаведнасць з нормамі міжнародных дагавораў Беларусі, а таксама міжнародна-прававых актаў, якія складаюць права Еўразійскага эканамічнага саюза.

Як растлумачыла Алена Колеснева, у прапануемым праекце ўдакладняецца тэрмін "генна-інжынерная дзейнасць", уводзяцца азначэнне тэрміна "абясшкоджванне генна-інжынерных арганізмаў" і паняцце "рызыка магчымых шкодных уздзеянняў". Акрамя таго, больш дакладна прапісваюцца працэдуры ўвозу ў Беларусь, вывазу з краіны і транзіту праз яе тэрыторыю генна-інжынерных арганізмаў.

"У прыватнасці, прадугледжана, што дапускаецца ўвоз у Беларусь для выкарыстання ў гаспадарчых мэтах непатагенных генна-інжынерных арганізмаў, даныя аб якіх уключаны ў Дзяржаўны рэестр сартоў генна-інжынерных раслін, парод генна-інжынерных жывёл і штамаў непатагенных генна-інжынерных мікраарганізмаў у адпаведнасці з часткай другой артыкула 16 закона", - расказала парламентарый.

Удакладняецца таксама, што ўласнік непатагенных генна-інжынерных арганізмаў або асоба, якая ажыццяўляе іх увоз у краіну, павінен паведаміць Міністэрству прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя аб транзіце праз яе тэрыторыю непатагенных генна-інжынерных арганізмаў. "У папярэдняй рэдакцыі закона гэты абавязак быў ускладзены на перавозчыка", - заўважыла Алена Колеснева.

Істотна скарачаюцца тэрміны правядзення ацэнкі рызыкі магчымых шкодных уздзеянняў генна-інжынерных арганізмаў на здароўе чалавека і навакольнае асяроддзе. Юрасобы або ІП, якія ажыццяўляюць генна-інжынерную дзейнасць, могуць звяртацца непасрэдна да экспертнай арганізацыі шляхам заключэння з ёй дагавора аб правядзенні такой ацэнкі. "Да гэтага заяўнік звяртаўся ў Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, а яно, у сваю чаргу, - да экспертаў, якія ажыццяўляюць правядзенне дзяржэкспертызы бяспекі генна-інжынерных арганізмаў. Мінпрыроды выконвала функцыі пасрэдніка, і ў выніку тэрмін правядзення працэдуры расцягваўся да 235 дзён", - расказала дэпутат.

Акрамя таго, устараняецца прабел закона ў частцы ўстанаўлення парадку абясшкоджвання непатагенных генна-інжынерных арганізмаў. Паўнамоцтва па ўстанаўленні такога парадку ўскладаецца на Мінпрыроды сумесна з Мінсельгасхарчам.

Папраўкі прадугледжваюць магчымасць юрыдычных і фізічных асоб звяртацца за інфармацыяй аб выдадзеных дазволах, пасведчаннях, заключэннях адносна генна-інжынерных арганізмаў у банк даных (ДНУ "Інстытут генетыкі і цыталогіі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі"), дзе сабрана інфармацыя па абыходжанні з генна-інжынернымі арганізмамі па ўсёй рэспубліцы. "Пры гэтым выключаюцца нормы аб звароце за такой інфармацыяй да юрасоб і ІП, якія ажыццяўляюць генна-інжынерную дзейнасць, паколькі на практыцы такія звароты расцэньваюцца як умяшанне ў гаспадарчую дзейнасць суб'екта", - заўважыла Алена Колеснева.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі