Сцяг Аўторак, 19 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
20 ліпеня 2018, 17:38

Беларускі турбізнес ініцыіруе змяненні ў заканадаўстве пасля падзей на туррынку ў Расіі

20 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Турбізнес ініцыіруе змяненні ў беларускае заканадаўства, якое рэгулюе рынак турыстычных паслуг. Гэта звязана з падзеямі гэтым летам на туррынку ў Расіі, калі з фінансавымі праблемамі сутыкнуліся некалькі вялікіх расійскіх тураператараў, паведамляе БЕЛТА.

Прававы партнёр Рэспубліканскага саюза турыстычнай індустрыі, адвакат Мінскай гарадской калегіі адвакатаў Юлія Куцар адзначыла, што турыстычны сезон 2018 выдаўся складаным, сітуацыя ў Расіі не магла не паўплываць на беларускі туррынак.

Як растлумачыла юрыст, у ланцужку ўзаемаадносін у сферы турызму звычайна прысутнічае тры асноўныя суб'екты: турыст (заказчык турпаслуг, фізічная асоба, якая набывае падарожжа па дагаворы аказання турпаслуг); выканаўца (турагент - юрыдычная асоба, з якой у заказчыка заключаны дагавор аказання турпаслуг і якому заказчык непасрэдна ўносіць плату); трэція асобы (тураператар, перавозчык, гід і г.д.).

Фактычна турыст заключае дагавор аказання турыстычных паслуг з турагентам. Менавіта турагент абавязаны аказаць турыстычныя паслугі і нясе матэрыяльную адказнасць перад турыстам, звяртае ўвагу Юлія Куцар. Больш таго, на дагаворы аб аказанні турыстычных паслуг распаўсюджвае сваё дзеянне закон аб абароне правоў спажыўцоў, у адпаведнасці з якім турагент абавязаны ў выпадку невыканання або неналежнага выканання абавязацельстваў перад турыстам кампенсаваць усе страты на працягу 14 дзён.

Калі ж гэтага не зроблена, турыст мае права звярнуцца ў суд. "Працэс можа быць доўгім... У выпадку невыканання судовага рашэння ўзбуджаецца выканаўчае вядзенне па справе ў дачыненні да турагента, накладаюцца абмежаванні па распараджэнні грашовымі сродкамі на разліковых рахунках, апісваецца маёмасць. Гэта прывядзе да фактычнага спынення фінансава-гаспадарчай дзейнасці турагента, невыканання абавязацельстваў па бягучых дагаворах, і сітуацыя будзе нарастаць, як снежны ком", - растлумачыла Юлія Куцар.

"На першы погляд, правы турыста абаронены. Аднак ёсць адно вялікае "але". Турагенты працуюць за камісійную ўзнагароду, што складае ад 3 працэнтаў да 13 працэнтаў ад кошту туру, а іншым разам і проста Br1. А астатнія грашовыя сродкі, атрыманыя ад турыста, пералічваюцца тураператару на працягу некалькіх дзён з даты пацвярджэння туру. Адпаведна, у турагента проста няма грошай, каб пакрыць шкоду турыстам. Так, безумоўна, у іх ёсць права звярнуцца да тураператараў з рэгрэсным іскам (патрабаванне аб кампенсацыі шкоды, нанесенай тураператарам і вяртанні грашовых сродкаў), аплаціўшы дзяржпошліну ў поўным аб'ёме да звароту ў суд. Але паколькі ў тураператара і так фінансавыя праблемы, на выкананне судовага рашэння не даводзіцца разлічваць", - лічыць юрыст.

У выніку турагенцтвы ў адпаведнасці з законам "Аб эканамічнай неплацежаздольнасці (банкруцтве)" будуць прызнаны банкрутамі, а пацярпелыя турысты застануцца без грошай, канстатуе Юлія Куцар. На яе думку, давер да турфірм такім чынам можа быць падарваны, і гэта дэстабілізуе рынак.

"Бягучая сітуацыя выявіла сур'ёзныя прабелы ў заканадаўчым рэгуляванні рынку турыстычных паслуг. Шляхоў вырашэння гэтых праблем некалькі: абавязковае страхаванне дагавора аказання турыстычных паслуг, фарміраванне рэзервовага фонду турагенцтвамі і найбольш прымальны - абавязковае страхаванне дагавораў камісіі", - адзначыла Юлія Куцар.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі