Сцяг Аўторак, 16 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
05 верасня 2018, 11:01

Беларускі міжнародны медыяфорум "Партнёрства ў імя будучыні" пройдзе 11-14 верасня

5 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. XIII Беларускі міжнародны медыяфорум "Партнёрства ў імя будучыні: лічбавы парадак дня для медыяпрасторы" пройдзе 11-14 верасня ў Мінску і Мінскай вобласці, паведамілі БЕЛТА ў Міністэрстве інфармацыі.

Мерапрыемства праводзіцца ў кантэксце рэалізацыі задач лічбавізацыі прасторы Еўразійскага эканамічнага саюза, пабудовы лічбавай эканомікі і інфармацыйнага грамадства ў Беларусі, якасных змяненняў у дзейнасці сучасных медыя. Пры гэтым асаблівую ўвагу плануецца ўдзяліць лічбавым фарматам работы СМІ, укараненню новых тэхналогій медыяменеджменту, а таксама трансгранічным інфармацыйным выклікам і пагрозам, выкліканым актыўным уваходжаннем у грамадскае жыццё шматлікіх сеткавых выданняў.

У медыяфоруме прымуць удзел кіраўнікі СМІ, значныя палітолагі, эксперты краін СНД, блізкага і далёкага замежжа. Запланавана пленарнае пасяджэнне медыяфоруму з правядзеннем тэматычных панэльных дыскусій, летняя школа журналістыкі, дзе адбудуцца майстар-класы вядучых замежных і беларускіх медыяперсон і экспертаў.

За час свайго існавання з 2006 года Беларускі міжнародны медыяфорум "Партнёрства ў імя будучыні" стаў знакавым міжнародным праектам, які збірае выдатных прадстаўнікоў экспертнай і медыясупольнасці краін СНД, блізкага і далёкага замежжа з мэтай абмеркавання актуальных пытанняў сучаснага парадку дня, абмену думкамі, выпрацоўкі новых ідэй і канцэпцый.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі