Сцяг Чацвер, 25 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
18 лістапада 2019, 15:26

Беларуская мэбля прадстаўлена на выстаўцы ў Маскве

18 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Апошнія навінкі мэблевай вытворчасці прадпрыемстваў канцэрна "Беллеспаперапрам" будуць прадстаўлены на міжнароднай выстаўцы "Мэбля-2019", якая адкрываецца сёння ў Маскве, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе канцэрна.

Мэблю беларускай вытворчасці на буйнейшым мэблевым форуме ва Усходняй Еўропе прадставяць вядучыя прадпрыемствы канцэрна: "ЗАТ ХК "Пінскдрэў", ЗАТ "Маладзечнамэбля", ААТ "Гомельская мэблевая фабрыка "Прагрэс", ААТ "Слоніммэбля", ААТ "Гомельдрэў", ААТ "Рэчыцадрэў", ААТ "Магілёўдрэў", Ельская мэблевая фабрыка ААТ Мазырскі ДАК". Беларуская лясная кампанія прадставіць шырокі асартымент драўняных пліт для мэблевай вытворчасці.

У агульным аб'ёме экспарту мэблі на долю Расійскай Федэрацыі прыпадае больш як 60 працэнтаў. За 9 месяцаў 2019 года прадпрыемствы канцэрна экспартавалі ў Расію мэблевую прадукцыю на $53,8 млн, што на 3,3 працэнта больш у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года. У цэлым, уключаючы іншыя віды прадукцыі, прадпрыемствы канцэрна за студзень-верасень паставілі ў Расію тавараў на $136,3 млн, што на 10 працэнтаў больш, чым за 9 месяцаў 2018 года. Такім чынам, мэбля ў агульнай структуры экспарту прадпрыемстваў канцэрна ў Расію займае амаль 40 працэнтаў.

Акрамя работы на выставачнай экспазіцыі, прадстаўнікі беларускіх мэблевых прадпрыемстваў актыўна ўдзельнічаюць у дзелавой праграме выстаўкі, праводзяць шмат сустрэч, перагавораў, устанаўліваюць новыя кантакты і заключаюць пагадненні аб супрацоўніцтве.

Экспартны патэнцыял мэблевых прадпрыемстваў канцэрна сумесна з Асацыяцыяй прадпрыемстваў мэблевай і дрэваапрацоўчай прамысловасці Беларусі будзе прадстаўлены на міжнароднай канферэнцыі "Быць у бізнесе" і В2В сустрэчы для мэблевай галіны "Connect leads", якія праводзяцца ў час выстаўкі.

Удзел у канферэнцыі прымуць амаль 600 прадстаўнікоў са шматлікіх прафесійных асацыяцый і саюзаў і бізнес-колаў з розных краін (з СНД, Турцыі, Ірана). Агульная плошча экспазіцыі "Мэбля-2019" складае каля 80 тыс. кв.м Сваю прадукцыю прадставяць 833 кампаніі з 24 краін і 146 гарадоў Расіі. Штогод выстаўку наведваюць больш за 40 тыс. спецыялістаў і наведвальнікаў. Работа выстаўкі прадоўжыцца па 22 лістапада.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі