Сцяг Пятніца, 29 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
23 лютага 2018, 19:56

Беларуская АЭС будзе ўведзена ў тэрмін з захаваннем усіх патрабаванняў бяспекі - Мінэнерга

23 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларуская АЭС будзе ўведзена ў тэрмін з захаваннем усіх патрабаванняў бяспекі, заявіў сёння журналістам намеснік міністра энергетыкі Міхаіл Міхадзюк, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

На падагульняючай калегіі Мінэнерга ў Астраўцы міністрам энергетыкі Уладзімірам Патупчыкам пастаўлена задача забяспечыць выкананне ў 2018 годзе ўсіх ключавых падзей, каб у 2019 годзе быў запушчаны першы энергаблок. Як растлумачыў Міхаіл Міхадзюк, для гэтага сумесна з дзяржкарпарацыяй "Расатам" і генпадрадчыкам выпрацаваны ўсе неабходныя рашэнні. Паводле яго слоў, дзяржкарпарацыя "Расатам" з'яўляецца сусветным лідарам у галіне ядзернай энергетыкі. Генпадрадчык будаўніцтва Беларускай АЭС (АТ "Атамбудэкспарт") паспяхова рэалізуе праекты па ўзвядзенні АЭС як у Расіі, так і за мяжой. Нядаўна ўведзены ў эксплуатацыю энергаблокі на Новаваронежскай АЭС, Растоўскай АЭС, у стадыі завяршэння аналагічны беларускаму праект на Ленінградскай АЭС-2.

"Галоўная задача - выбудаваць сістэмную работу, каб праект па будаўніцтве Беларускай АЭС рэалізоўваўся. Мы бачым, што ўсе ўдзельнікі будаўніцтва на гэта настроены. Станцыя будзе пушчана ў тэрмін з захаваннем усiх патрабаванняў бяспекі", - адзначыў намеснік міністра. Для абмеркавання ходу рэалізацыі праекта рэгулярна праводзяцца штабы з удзелам усіх зацікаўленых ведамстваў. Для аператыўнага вырашэння пытанняў наладжана цеснае ўзаемадзеянне з Мінбудархітэктуры, МНС, Мінпрыроды, іншымі міністэрствамі.

Міхаіл Міхадзюк падкрэсліў, што 2018 год будзе вырашальным для своечасовага ўводу станцыі. "У разрэзе кожнай арганізацыі мы сфарміравалі заданні на год, распісалі іх па месяцах. Усе забяспечаны праектнай дакументацыяй, бываюць бягучыя карэкціроўкі, але гэтыя моманты аператыўна вырашаюцца, - сказаў ён. - Няма абсалютна ніякіх пытанняў па фінансаванні, мы ім забяспечаны. Акрамя прадугледжаных кантрактамі авансаў генпадрадчык і "Расатам" пайшлі насустрач субпадрадным арганізацыям - пад абгрунтаваныя заяўкі выдаюцца мэтавыя авансы. Гэта трэба, каб своечасова праводзіць закупку матэрыяльных рэсурсаў".

Фізічны пуск першага энергаблока запланаваны на люты 2019 года, гэта значыць, што ў рэактарную ўстаноўку будзе загружана ядзернае паліва і паэтапна будзе набірацца магутнасць. На ўсіх этапах будуць праводзіцца адпаведныя выпрабаванні. "Летам 2019 года мы павінны выйсці на ўключэнне ў сетку з невялікай магутнасцю і паступова яе набіраць, каб да канца года першы энергаблок пачаў працаваць на поўную магутнасць", - удакладніў ён.

Паралельна вядзецца работа над атрыманнем ліцэнзіі на эксплуатацыю атамнай электрастанцыі. Яна павінна быць атрымана да завозу ядзернага паліва на пляцоўку ў Астравец, дастаўка якога запланавана на лістапад 2018 года. Прадаўжаецца незалежная экспертыза экспертамі Еўрасаюза даклада па стрэс-тэстах БелАЭС. У сярэдзіне сакавіка чакаецца візіт групы экспертаў ЕС. Яны наведаюць станцыю і атрымаюць усю неабходную інфармацыю, запэўніў Міхаіл Міхадзюк.

Намеснік міністра звярнуў увагу, што расійскі праект, па якім будуецца Беларуская АЭС, цалкам адпавядае ўсім сучасным стандартам бяспекі і патрабаванням рэгулюючага органа краіны - Дзяржатамнагляду (Дэпартамента па ядзернай і радыяцыйнай бяспецы МНС). У працэсе ўзвядзення выбудавана строгая сістэма кантролю якасці выканання работ і прыёмкі абсталявання. "Мы не дапускаем ніякай гонкі па часе ва ўрон бяспецы, але ў той жа час прадухіляем усе праявы неарганізаванасці, няякаснага выканання абавязацельстваў", - падкрэсліў ён.

Да будаўніцтва АЭС максімальна прыцягнуты беларускія арганізацыі. З агульнага аб'ёму яны выканалі 69,1 працэнта работ. "Для беларускіх арганізацый, будаўнічага персаналу і інжынерна-тэхнічных работнікаў гэта вялікая школа, таму што такіх маштабных праектаў у краіне ніколі не было, - растлумачыў Міхаіл Міхадзюк. - У цэлым наш генпадрадчык высока ацэньвае беларускіх будаўнікоў, нашы мантажныя арганізацыі. З імі гатовы працаваць на іншых замежных праектах".

"Мы цесна працуем з дзяржкарпарацыяй "Расатам", гэта кампанія з сусветным імем. Для яе наш праект з'яўляецца прыярытэтным, і мы адчуваем падтрымку "Расатама". Сумесна мы выпрацавалі ўсе рашэнні, каб увесці атамную электрастанцыю ў кантрактныя тэрміны, пры гэтым забеспячэнне бяспекі застаецца прыярытэтам. Сёння ёсць усё, каб увесці станцыю ў тэрмін. Ні па фінансах, ні па праектнай дакументацыі, ні па пастаўках абсталявання вялікіх праблем няма, бягучыя рабочыя пытанні вырашаюцца", - рэзюмаваў Міхаіл Міхадзюк.

Беларуская АЭС будуецца па тыпавым расійскім праекце АЭС-2006 новага пакалення "3+" паблізу Астраўца (Гродзенская вобласць). Першы энергаблок плануецца ўвесці ў эксплуатацыю ў снежні 2019 года, другі - у ліпені 2020-га.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі