Сцяг Чацвер, 25 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
20 верасня 2018, 19:37

Беларусь прадставіла ў МАГАТЭ падыходы па забеспячэнні грамадскай прымальнасці пры будаўніцтве АЭС

20 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларусь прадставіла ў МАГАТЭ падыходы па забеспячэнні грамадскай прымальнасці пры будаўніцтве АЭС. Круглы стол на тэму "Супрацоўніцтва з пастаўшчыком як перадумова для поспеху краіны-навічка ў ядзернай энергетыцы" адбыўся ў штаб-кватэры МАГАТЭ ў Вене, дзе 17-21 верасня праходзіць 62-я сесія Генеральнай канферэнцыі агенцтва, паведамілі БЕЛТА ў ТАА "Расатам Усходняя Еўропа".

Удзельнікі сустрэчы абмеркавалі фактары паспяховай рэалізацыі праектаў атамнай энергетыкі ў краінах-навічках і важнасць інфармацыйнага суправаджэння атамных праектаў на кождым з этапаў рэалізацыі.

Беларускую дэлегацыю ўзначаліў намеснік міністра энергетыкі Міхаіл Міхадзюк. У мерапрыемстве прынялі ўдзел прадстаўнікі МАГАТЭ і дзяржкарпарацыі "Расатам", якая з'яўляецца партнёрам Беларусі ў будаўніцтве першай у краіне атамнай станцыі.

Міхаіл Міхадзюк зрабіў акцэнт на ролі міжнароднага ўзаемадзеяння ў рабоце над праектам будучай АЭС. "Для Беларусі Праграма тэхнічнага супрацоўніцтва МАГАТЭ стала важнай падмогай у вырашэнні задач сацыяльна-эканамічнага развіцця", - падкрэсліў намеснік міністра. Ён адзначыў усебаковае канструктыўнае ўзаемадзеянне з краінай-пастаўшчыком - Расійскай Федэрацыяй.

Паводле слоў Міхаіла Міхадзюка, вопыт Беларусі ў будаўніцтве АЭС ужо не раз быў рэкамендаваны МАГАТЭ ў якасці прыкладу для іншых краін-навічкоў, у тым ліку і вопыт работы па фарміраванні грамадскай прымальнасці атамнай энергетыкі.

Прэзідэнт галіновага комплексу "Русатам - Міжнародная Сетка" Аляксандр Мертэн падкрэсліў важнасць сумеснай работы вендара і заказчыка ў гэтым напрамку.

"Грамадская прымальнасць - ключавы складнік пры рэалізацыі праектаў нацыянальнага значэння, якім з'яўляецца будаўніцтва атамнай станцыі. У "Расатама" вялікі вопыт работы з грамадскасцю, як непасрэдна ў самой Расіі, так і ў краінах, дзе будуюцца АЭС па расійскім дызайне. На сёння ў партфеле дзяржкарпарацыі 36 блокаў на розных стадыях рэалізацыі ў 12 краінах. Наша задача - данесці да грамадства, што без выкарыстання атамнай энергетыкі немагчыма забяспечыць доступ да таннай і стабільнай электраэнергіі, а таксама вырашыць глабальныя экалагічныя праблемы. Мы эфектыўна працуем у Расіі і гатовы дзяліцца нашымі кампетэнцыямі з замежнымі партнёрамі пры рэалізацыі атамных праектаў", - заявіў Аляксандр Мертэн.

На сёння больш як палавіна насельніцтва Беларусі падтрымліваюць развіццё атамнай энергетыкі ў краіне, у 2005 годзе гэты паказчык складаў крыху больш за чвэрць. "Гэта добры паказчык для краіны-навічка, паколькі самы высокі працэнт прыхільнікаў ядзернай энергетыкі (каля 60-70 працэнтаў) фіксуецца ў краінах, маючых доўгую і паспяховую гісторыю безаварыйнай работы атамных блокаў. У самым Астраўцы, дзе будуецца БелАЭС, падтрымка праекта дасягае 70 працэнтаў. Акрамя таго, больш за 70 працэнтаў прадпрымальнікаў і фермераў у краіне падтрымліваюць будаўніцтва АЭС. Гэта бясспрэчна сведчыць аб тым, што яны разумеюць, якое вялікае значэнне для эканомікі мае канкурэнтаздольная і стабільная крыніца электрычнай энергіі, якой з'яўляецца атамная электрастанцыя. Акрамя таго, запуск БелАЭС дасць магчымасць пазбегнуць выкідаў у атмасферу каля 7-10 млн т вуглякіслага газу ў год і замясціць прыкладна 5 млрд куб.м прыроднага газу", - адзначылі ў "Расатам Усходняя Еўропа".

62-я Генеральная канферэнцыя МАГАТЭ праходзіць з 17 па 21 верасня ў Венскім міжнародным цэнтры (Аўстрыя). На бягучай сесіі высокапастаўленыя службовыя асобы і прадстаўнікі 170 дзяржаў - членаў МАГАТЭ разгледзяць рэзультаты работы ў 2017 годзе, абмяркуюць развіццё атамнай энергетыкі і прыярытэты на будучае, а таксама закрануць тэму ядзернай бяспекі і рэжым гарантый у рамках Дагавора аб нераспаўсюджванні ядзернай зброі (ДНЯЗ).

Беларусь уваходзіць у лік дзяржаў - заснавальнікаў МАГАТЭ і актыўна ўдзельнічае ў рэалізацыі праектаў пад эгідай агенцтва. Місія МАГАТЭ з моманту стварэння заключаецца ў тым, каб дапамагаць дзяржавам-членам у наладжванні мірнага, бяспечнага і надзейнага выкарыстання ядзернай навукі і тэхналогій і прадухіляць распаўсюджванне ядзернай зброі.

Дзяржаўная карпарацыя па атамнай энергіі "Расатам" - расійская дзяржкарпарацыя, адзін з глабальных тэхналагічных лідараў. "Расатам" займае першае месца ў свеце па велічыні партфеля замежных праектаў (42 энергаблокі ў 12 краінах: 6 у Расіі і 36 - за мяжой); другое месца ў свеце па запасах урану і чацвёртае месца па аб'ёме яго здабычы. Дзяржкарпарацыя забяспечвае 17 працэнтаў рынку ядзернага паліва. У сферу дзейнасці "Расатама" ўваходзіць таксама выпуск абсталявання і ізатопнай прадукцыі для патрэб ядзернай медыцыны, правядзенне навуковых даследаванняў, матэрыялазнаўства, суперкамп'ютары і праграмнае забеспячэнне, вытворчасць рознай ядзернай і няядзернай інавацыйнай прадукцыі. Стратэгія "Расатама" заключаецца ў развіцці праектаў генерацыі чыстай энергіі, уключаючы ветраэнергетыку. "Расатам" аб'ядноўвае больш за 300 прадпрыемстваў і арганізацый, уключаючы адзіны ў свеце атамны ледакольны флот.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі