Сцяг Аўторак, 19 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
18 чэрвеня 2018, 15:37

Беларусь і Бразілія падпісалі дагавор аб узаемнай прававой дапамозе па крымінальных справах

18 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Дагавор аб узаемнай прававой дапамозе па крымінальных справах падпісаны сёння паміж Беларуссю і Бразіліяй. Подпісы пад дакументам паставілі міністр юстыцыі Алег Сліжэўскі і міністр юстыцыі Бразіліі Тарквата Жардзін, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Паводле слоў Алега Сліжэўскага, гэта сур'ёзны крок на шляху абароны і забеспячэння правоў і законных інтарэсаў грамадзян і суб'ектаў гаспадарання дзвюх краін. Дагавор стварае прававую аснову для абмену інфармацыяй у крымінальна-прававой сферы паміж праваахоўнымі органамі. Дакумент устанаўлівае прававыя рамкі, якія дазваляюць прымаць меры па вядзенні крымінальнага разбору, устанаўленні і канфіскацыі даходаў ад злачынстваў, атрыманні паказанняў сведак, правядзенні экспертыз і аглядаў месцаў злачынства і інш.

Таксама заключаны мемарандум аб узаемадзеянні паміж міністэрствамі юстыцыі дзвюх дзяржаў. Ён прадугледжвае далейшае правядзенне сумесных мерапрыемстваў, абмен інфармацыяй па напрамках работы міністэрстваў. "Мы намецілі тыя напрамкі, якія ўяўляюць узаемны інтарэс. У тым ліку гэта датычыцца падрыхтоўкі праектаў нарматыўных прававых актаў, сферы выканання судовых рашэнняў і рашэнняў іншых органаў", - адзначыў Алег Сліжэўскі. Міністры абмеркавалі і такія сферы, як натарыят, аказанне юрыдычных паслуг і рэгуляванне аказання гэтых паслуг на дзяржаўным узроўні.

Акрамя таго, бакі выказалі ўзаемны інтарэс у тым, каб максімальна аператыўна падрыхтаваць праект міжнароднага дагавора аб прававой дапамозе па грамадзянскіх справах.

Тарквата Жардзін дадаў, што пытанне транснацыянальнай арганізаванай злачыннасці патрабуе сумеснага ўзаемадзеяння. "Праблемы становяцца глабальнымі, таму сумеснае супрацоўніцтва павінна быць. Мы павінны гарманізаваць нашы прававыя сістэмы", - сказаў ён.

Міністр юстыцыі Бразіліі Тарквата Жардзін наведвае Беларусь з 17 па 19 чэрвеня. Візіт кіраўніка гэтага міністэрства ў Беларусь першы.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі