21 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларусь да 2030 года плануе скараціць выкіды парніковых газаў на 28 працэнтаў у параўнанні з 1990-м. Такія абавязацельствы рэспубліка ўзяла на сябе ў рамках Парыжскага пагаднення, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў прэс-службе Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя.
"20 верасня 2016 года Беларусь стала 30 бокам Парыжскага пагаднення, прынятага на 21-й сесіі Канферэнцыі бакоў рамачнай канвенцыі Арганізацыі Аб'яднаных Нацый аб змяненні клімату ў Парыжы 12 снежня 2015 года і падпісанага 22 красавіка 2016 года", - нагадалі ў прэс-службе.
Парыжскае пагадненне накіравана на рэалізацыю рэзалюцыі Генеральнай Асамблеі ААН "Пераўтварэнне нашага свету: парадак дня ў галіне ўстойлівага развіцця да 2030 года" і прадугледжвае падтрымку экалагічнай цэласнасці, развіццё аднаўляльных крыніц энергіі, "зялёнай" эканомікі, перадачу высокаэфектыўных тэхналогій, змякчэнне наступстваў змянення клімату і адаптацыю да кліматычных змяненняў.
"Згодна з Парыжскім пагадненнем, усе краіны, уключаючы Беларусь, змогуць пасля яго ўступлення ў сілу мець доступ да эканамічных механізмаў, якія забяспечваюць стымуляванне мерапрыемстваў, накіраваных на скарачэнне выкідаў парніковых газаў і павелічэнне абсорбцыі парніковых газаў паглынальнікамі, у тым ліку праекты, звязаныя з лясамі, а таксама на мерапрыемствы па адаптацыі да змянення клімату ў сельскай і лясной гаспадарцы", - растлумачылі ў Мінпрыроды.
У параўнанні з іншымі краінамі перавагай Беларусі з'яўляецца больш высокі адаптацыйны патэнцыял краіны, які забяспечваюць высокая лясістасць тэрыторыі, наяўнасць значных водных рэсурсаў, а таксама істотная доля балот і асабліва ахоўных прыродных тэрыторый.
"Узмацненне палітыкі Беларусі ў галіне аднаўляльных крыніц энергіі, укараненне нізкавугляродных і безвугляродных тэхналогій, што выключаюць выкарыстанне высокавугляродных відаў паліва, такіх як мазут, торф, вугаль, укараненне біягазавых установак на ўсіх буйных комплексах па гадоўлі буйной рагатай жывёлы, свінакомплексах, птушкафабрыках, укараненне комплексных сістэм выкарыстання энергіі біягазу, сонца, ветру для аграгарадкоў, увядзенне вугляроднага падатку і фарміраванне нацыянальнага вугляроднага рынку, павелічэнне выкарыстання электратранспарту і вывад з эксплуатацыі бензінавых і дызельных аўтамабіляў нізкіх экалагічных класаў дасць магчымасць краіне прыцягваць кліматычныя фінансы (грантавыя, крэдытныя сродкі) і істотна інтэнсіфікаваць беларускую эканоміку", - падкрэслілі ў прэс-службе.
У бліжэйшыя месяцы ў Беларусі будуць прыняты меры, неабходныя для рэалізацыі палажэнняў Парыжскага пагаднення. У прыватнасці, будзе праведзены комплексны аналіз неабходнасці змянення ключавых індыкатараў, якія ўплываюць на скарачэнне выкідаў парніковых газаў, такіх як энергаёмістасць, вугляродаёмістасць, доля аднаўляльных крыніц энергіі, спажыванне электраэнергіі на душу насельніцтва.
Парыжскае пагадненне ўступіць у сілу на трыццаты дзень пасля таго, як не менш за 55 бакоў Канвенцыі, на долю якіх прыпадае ў сукупнасці як мінімум 55 працэнтаў агульных глабальных выкідаў парніковых газаў, ратыфікуюць, прымуць, адобраць пагадненне або далучацца да яго. Паводле даных на 20 верасня 2016 года, 30 краін выказалі згоду на абавязковасць для іх Парыжскага пагаднення з агульным аб'ёмам глабальных выкідаў парніковых газаў 40,12 працэнта.
Як паведамлялася, Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 20 верасня падпісаў указ аб прыняцці Парыжскага пагаднення. Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя вызначана органам, адказным за выкананне абавязацельстваў, прынятых Беларуссю па гэтым пагадненні. Савету Міністраў даручана да 1 снежня 2018 года прыняць меры, неабходныя для рэалізацыі палажэнняў дакумента.-0-