Сцяг Чацвер, 28 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
23 сакавіка 2017, 14:13

Беларусь адкрыта для дыялогу з Еўрасаюзам па будаўніцтве АЭС - Міхадзюк

23 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларусь адкрыта для дыялогу з Еўрасаюзам па пытаннях будаўніцтва атамнай электрастанцыі. Аб гэтым заявіў у інтэрв'ю выданню New Europe намеснік міністра энергетыкі Беларусі Міхаіл Міхадзюк, паведамляе БЕЛТА.

"Беларусь рыхтуе нацыянальную справаздачу па стрэс-тэстах, якая будзе прадстаўлена грамадскасці і Еўрапейскай камісіі, каб пацвердзіць, што атамны аб'ект будуецца ў адпаведнасці з самымі высокімі стандартамі бяспекі", - адзначыў Міхаіл Міхадзюк.

Адно з пытанняў датычылася таго, якія меры Беларусь плануе прыняць, каб пераканаць Літву ў бяспецы будуемай станцыі. Міхаіл Міхадзюк падкрэсліў, што Беларусь, як ніякая іншая краіна, зацікаўлена ў бяспецы і надзейнасці сваёй атамнай электрастанцыі.

"Мы перакананы ў тым, што мірны атам уяўляе сабой эканамічна і экалагічна прывабную крыніцу энергіі. Аднак яго выкарыстанне павінна быць даступна толькі пры ўмове забеспячэння высокага ўзроўню бяспекі на ўсіх стадыях жыццёвага цыкла АЭС. Ядзерная бяспека з'яўляецца для нас безумоўным прыярытэтам", - адзначыў ён.

Намеснік міністра нагадаў, што ў мінулым годзе ў Беларусі прымалі дэлегацыю Еўракамісіі, якая таксама наведала пляцоўку будаўніцтва АЭС у Астраўцы. "Мы абавязуемся забяспечыць адкрытасць і празрыстасць працэсу будаўніцтва, каб пераканаць усе зацікаўленыя бакі ў яго бяспецы і надзейнасці", - падкрэсліў ён.

Беларуская дэлегацыя з удзелам Міхаіла Міхадзюка 13-14 сакавіка сустрэлася ў Люксембургу з прадстаўнікамі Еўрапейскай камісіі. Быў абмеркаваны шэраг пытанняў, звязаных з узвядзеннем АЭС у Беларусі, у тым ліку па ацэнцы вынікаў стрэс-тэстаў АЭС, праведзеных па еўрапейскай методыцы ENSREG.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі