15 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Брытанскае агенцтва QS апублікавала сёння рэйтынг універсітэтаў краін Еўропы і Цэнтральнай Азіі (QS EECA), дзе БГУ заняў 25-е месца, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе ВНУ.
"У ацэначным спісе адлюстраваны 350 лепшых ВНУ з больш як 2900 універсітэтаў заяўленага рэгіёна. Такім чынам, пазіцыя БДУ адпавядае ўваходжанню ў 1 працэнт лепшых універсітэтаў на гэтай тэрыторыі", - падкрэслілі ў прэс-службе.
Ацэнка дзейнасці вышэйшых навучальных устаноў рэйтынгам QS EECA праводзілася па дзевяці крытэрыях: акадэмічная рэпутацыя; рэпутацыя сярод работадаўцаў; суадносіны колькасці студэнтаў і колькасці супрацоўнікаў прафесарска-выкладчыцкага складу; долі супрацоўнікаў з вучонай ступенню, запрошаных выкладчыкаў з іншых краін, замежных студэнтаў; эфектыўнасць інтэрнэт-рэсурсаў; колькасць апублікаваных артыкулаў, што прыпадаюць на аднаго супрацоўніка; цытуемасць навуковых артыкулаў вучоных універсітэта.
Найбольш высокія пазіцыі ў рэйтынгу БДУ займае па паказчыках рэпутацыі сярод акадэмічнай супольнасці і работадаўцаў, а таксама суадносін колькасці студэнтаў і колькасці супрацоўнікаў прафесарска-выкладчыцкага складу. Гэта сведчыць аб высокай якасці выкладання ў БДУ, паколькі аснову ацэньвання складае апытанне міжнародных экспертаў, дадалі ў ВНУ.
У гэтым рэйтынгу з беларускіх устаноў вышэйшай адукацыі таксама прадстаўлены БНТУ (103-е месца), БДУІР (158-е месца) і Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Я.Купалы (195-е месца).
Тройку лідараў рэгіянальнага рэйтынгу склалі МДУ імя М.В.Ламаносава, Санкт-Пецярбургскі дзяржаўны ўніверсітэт і Новасібірскі дзяржаўны ўніверсітэт.
У рэйтынгу ўніверсітэтаў краін Усходняй Еўропы і Цэнтральнай Азіі ўдзельнічаюць ВНУ Арменіі, Азербайджана, Беларусі, Босніі і Герцагавіны, Балгарыі, Харватыі, Чэхіі, Эстоніі, Венгрыі, Казахстана, Кыргызстана, Латвіі, Літвы, Польшчы, Румыніі, Расіі, Сербіі, Славакіі, Славеніі, Турцыі і Украіны.-0-