Сцяг Пятніца, 19 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
24 кастрычніка 2019, 15:35

БДУ ў два разы палепшыў пазіцыю ў амерыканскім рэйтынгу Best Global Universities

24 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Белдзяржуніверсітэт у два разы палепшыў сваю пазіцыю ў амерыканскім рэйтынгу Best Global Universities. На гэты момант БДУ - адзіная беларуская ВНУ, уключаная ў гэту базу, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе ўніверсітэта.

Чарговы выпуск рэйтынгу апублікаваны 23 кастрычніка. "БДУ размясціўся на 346-м радку, падняўшыся на 351-ю пазіцыю ў параўнанні з мінулагоднім паказчыкам. Сярод еўрапейскіх ВНУ БДУ займае 153-е месца. Акрамя таго, ён уключаны ў прадметныя рэйтынгі па фізіцы і хіміі, дзе яму адведзены 129-я і 553-я пазіцыі адпаведна", - расказалі ў прэс-службе. Сярод ВНУ краін СНД Белдзяржуніверсітэт займае другое месца, уступаючы толькі МДУ імя М.В.Ламаносава, у якога ў рэйтынгу 266-я пазіцыя. Варшаўскі і Ягелонскі ўніверсітэты на 286-м і 343-м радках адпаведна, Універсітэт Тарту (Эстонія) на 322-м.

Узначалілі рэйтынг Гарвардскі ўніверсітэт, Масачусетскі інстытут тэхналогій і Стэнфардскі ўніверсітэт. Усяго ацэньваецца 1,5 тыс. універсітэтаў з 81 краіны, што складае каля 5 працэнтаў ад усіх дзеючых у свеце 30 тыс. ВНУ.

"Неабходнай умовай уключэння ў рэйтынг з'яўляецца наяўнасць больш як 1,5 тыс. публікацый у навукаметрычнай базе даных Web of Science за пяць гадоў. У бягучым выпуску прааналізаваны даныя за 2013-2017 гады. Рэзкі рывок БДУ стаў магчымым дзякуючы павелічэнню колькасці артыкулаў вучоных ВНУ, апублікаваных у міжнародных навуковых часопісах. Гэта лічба цяпер перавышае 3 тыс., што значна апярэджвае вынікі іншых беларускіх ВНУ. З прадстаўленай колькасці работ 123 трапілі ў 1 працэнт лепшых артыкулаў свету па колькасці цытавання. У цэлым трэцяя частка ўсіх беларускіх публікацый, уключаных у Web of Science, належыць вучоным БДУ", - падкрэслілі ў прэс-службе.

Амерыканскі рэйтынг Best Global Universities складаецца на працягу 30 гадоў медыякампаніяй U.S. News & World Report. Да 2014 года яна ранжыравала толькі амерыканскія ВНУ, а потым пашырыла геаграфію ўніверсітэтаў. На гэты момант міжнародны глабальны рэйтынг уключае таксама 28 прадметных і 5 рэгіянальных пералікаў.

У свеце існуе больш за 20 разнастайных глабальных рэйтынгаў. Напрыклад, у чэрвеньскай версіі QS БДУ размясціўся на 351-й пазіцыі і ўвайшоў у 1,5 працэнта лепшых універсітэтаў свету. Усяго БДУ ўдзельнічае ў рэйтынгах 12 агенцтваў.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі