Сцяг Пятніца, 29 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
27 снежня 2017, 15:13

Аслабленне кантрольнай нагрузкі не прывядзе да ўсплёску парушэнняў прадпрыемствамі - Анфімаў

27 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Аслабленне кантрольнай нагрузкі на суб'екты гаспадарання не прывядзе да ўсплёску парушэнняў заканадаўства з іх боку. Упэўненасць у гэтым выказаў сёння журналістам старшыня Камітэта дзяржаўнага кантролю Леанід Анфімаў перад першым пасяджэннем Міжведамаснага савета па кантрольнай (нагляднай) дзейнасці, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Больш строгія патрабаванні да правядзення праверак і спагнанне з кантралюючых органаў не адмяняюць іх абавязацельстваў па абароне спажыўца і дзяржавы ад нядобрасумленных пастаўшчыкоў тавараў і паслуг. "З лібералізацыяй кантрольнай дзейнасці нельга дапусціць хаосу. Таму суб'екты гаспадарання, чыя дзейнасць мае патэнцыяльную рызыку, застануцца ў полі зроку кантралюючых і наглядных органаў", - адзначыў Леанід Анфімаў. Ён падкрэсліў, што замест праверак нагляд можа быць забяспечаны з дапамогай іншых форм работы. "Рэйдавыя мерапрыемствы тэхналагічнага, праверачнага, тэхнічнага характару будуць абавязкова праводзіцца. Я не думаю, што з аслабленнем кантрольнай нагрузкі на прадпрыемствы будзе ўсплёск парушэнняў заканадаўства", - сказаў кіраўнік КДК.

Міжведамасны савет па кантрольнай (нагляднай) дзейнасці ўтвораны пры КДК у адпаведнасці з указам нумар 376 "Аб мерах па ўдасканаленні кантрольнай (нагляднай) дзейнасці". Старшынёй гэтага калегіянальнага органа з'яўляецца Леанід Анфімаў, у склад увайшлі прадстаўнікі Камітэта дзяржкантролю, Генпракуратуры, шэрага міністэрстваў і дзяржорганаў, а таксама бізнес-супольнасці.

Сярод асноўных задач савета - аналіз стану кантрольнай (нагляднай) дзейнасці і распрацоўка прапаноў па павышэнні яе эфектыўнасці, зніжэнне праверачнай нагрузкі на суб'екты гаспадарання, укараненне перадавога замежнага вопыту ў гэтай сферы. "Галоўная задача савета ў тым, каб прынятыя дакументы па разняволенні дзелавой ініцыятывы не абраслі падзаконнымі актамі, рэкамендацыямі, растлумачэннямі і іншым, што поўнасцю сказіць сутнасць указа нумар 376. Наша функцыя - не дапусціць гэтага", - падкрэсліў Леанід Анфімаў.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі