14 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Устаноўлены графік правядзення цэнтралізаванага тэсціравання па навучальных прадметах у 2017 годзе. Такая інфармацыя размешчана на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале.
Цэнтралізаванае тэсціраванне пройдзе ў наступныя дні:
- беларуская мова - 12 чэрвеня, панядзелак;
- руская мова - 14 чэрвеня, серада;
- грамадазнаўства - 16 чэрвеня, пятніца;
- матэматыка - 18 чэрвеня, нядзеля;
- біялогія - 20 чэрвеня, аўторак;
- замежная мова (англійская, нямецкая, французская, іспанская, кітайская) - 22 чэрвеня, чацвер;
- хімія - 24 чэрвеня, субота;
- фізіка - 26 чэрвеня, панядзелак;
- гісторыя Беларусі - 28 чэрвеня, серада;
- геаграфія - 30 чэрвеня, пятніца;
- сусветная гісторыя (навейшы час) - 2 ліпеня, нядзеля.
Як паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў Міністэрстве адукацыі, рэгістрацыя на асноўны этап ЦТ будзе праходзіць з 2 мая па 1 чэрвеня. Час работы пунктаў рэгістрацыі - з 9.00 да 19.00, у суботнія дні (13 і 27 мая) - з 9.00 да 18.00. Зарэгістравацца для праходжання ЦТ у рэзервовыя дні можна з 30 чэрвеня па 3 ліпеня.
Час пачатку ЦТ, у тым ліку ў рэзервовыя дні, 11.00.
Атрымаць сертыфікаты абітурыенты змогуць у пунктах правядзення ЦТ з 10 ліпеня, у БДУ (рэзервовыя дні) - з 13 ліпеня.
Графік устаноўлены пастановай Міністэрства адукацыі ад 31 сакавіка 2017 года нумар 29а. У пастанове змешчаны пералік устаноў адукацыі, вызначаных пунктамі рэгістрацыі для праходжання ЦТ, у тым ліку ў рэзервовыя дні, а таксама пунктамі правядзення ЦТ. У рэзервовыя дні ЦТ будзе праводзіцца ў Беларускім дзяржаўным універсітэце.-0-