Сцяг Чацвер, 18 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
06 лютага 2017, 15:22

Аптымізацыя ў Адміністрацыі Прэзідэнта Беларусі адбудзецца на 30 працэнтаў

6 лютага, Мінск /Уладзімір Мацвееў - БЕЛТА/. Аптымізацыя ў Адміністрацыі Прэзідэнта Беларусі адбудзецца на 30 працэнтаў. Аб гэтым паведаміла журналістам кіраўнік Адміністрацыі Наталля Качанава па выніках праведзенай у кіраўніка дзяржавы нарады, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Сёння разгледжаны гэтыя пытанні, прапанавана структура. Будзе скарочана каля 30 працэнтаў дзяржаўных служачых, якія працуюць у Адміністрацыі Прэзідэнта. Структура Адміністрацыі невялікая - гэта 108 дзяржслужачых у той новай штатнай колькасці, якую мы сёння прапанавалі", - заявіла Наталля Качанава.

Яна адзначыла, што работа па аптымізацыі штатнай колькасці заўсёды няпростая, таму што звязана з жыццём і лёсамі людзей. Зыходзячы з гэтага, скарачэнне часткова адбудзецца за кошт вакансій, якія будуць вызваляцца ў сувязі з выхадам работнікаў на пенсію. Іншым пастараюцца дапамагчы з працаўладкаваннем у іншыя арганізацыі і ўстановы, дзе будзе патрэбнасць у адпаведных спецыялістах.

Кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта адзначыла, што да нарады было неабходна выпрацаваць прапановы па дзейснай структуры, якая дазволіла б меншай колькасцю людзей выконваць ускладзеныя на Адміністрацыю Прэзідэнта функцыі. Гэтыя меры таксама створаць умовы для павышэння зарплат дзяржслужачым, якія засталіся ў штаце.

Аднак аптымізацыя і ўдасканаленне работы ў першую чаргу нацэлены на эфектыўнае вырашэнне задач, якія павінны быць галоўнымі ў рабоце Адміністрацыі Прэзідэнта. "Перш за ўсё, гэта работа са зваротамі грамадзян, работа памочнікаў у рэгіёнах. Адказнасць, выканальніцкая дысцыпліна, работа з людзьмі - вось асноўныя пытанні, на якія кіраўнік дзяржавы сёння зрабіў акцэнт", - адзначыла Наталля Качанава.

Аптымізацыя ў Адміністрацыі Прэзідэнта фактычна павінна адбыцца з 1 мая, калі ўступіць у дзеянне адпаведны ўказ, удакладніла кіраўнік Адміністрацыі. Але гэта толькі першы крок у рабоце па скарачэнні штатнай колькасці дзяржаўных органаў па ўсёй краіне. "Гэтай жа работай сёння займаецца і ўрад, і ўсе рэспубліканскія органы кіравання. Цяпер ужо адпрацоўваецца ўказ па аптымізацыі, дзе будзе вызначаны і працэнт скарачэння для ўсіх астатніх дзяржустаноў, рэспубліканскіх і мясцовых органаў улады", - заявіла яна. Паводле яе слоў, застаецца адкрытым пытанне ў частцы аптымізацыі на ўзроўні мясцовых органаў улады. Так, урад прапануе не кранаць колькасць рай- і гарвыканкамаў.

"Мы лічым, што для таго, каб сёння выйсці на павышэнне заработнай платы ва ўсіх рэспубліканскіх органах кіравання і для дзяржслужачых, якія працуюць у мясцовых органах улады, гэта (аптымізацыя. - Заўвага БЕЛТА) павінна закрануць практычна ўсе арганізацыі і ўстановы", - дадала Наталля Качанава.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі