Сцяг Аўторак, 16 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
21 лістапада 2017, 16:21

Анфімаў на нарадзе ў Лукашэнкі ўзняў праблемы ў будаўнічай сферы

21 лістапада, Мінск /Міхаіл Маціеўскі - БЕЛТА/. Сітуацыя ў будаўніцтве далёкая ад прымальнай і сведчыць аб набліжэнні сістэмнага крызісу галіны, заявіў старшыня Камітэта дзяржаўнага кантролю Леанід Анфімаў на нарадзе ў Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі аб рабоце эканомікі за мінулы перыяд 2017 года, ацэнцы вынікаў года і праектах прагнозу, бюджэту і грашова-крэдытнай палітыкі на 2018 год, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Паводле слоў Леаніда Анфімава, некаторыя чыноўнікі лічаць існуючую сітуацыю ў будаўнічай галіне прымальнай. Аднак, паводле яго слоў, гэта далёка не так. Калі ў 2014 годзе будаўнічая галіна займала 10 працэнтаў у структуры ВУП, то цяпер гэты паказчык знізіўся да 5 працэнтаў. "Вельмі складанае становішча прадпрыемстваў у будаўнічай галіне: 38 працэнтаў арганізацый стратныя. Такога ніколі не было", - звярнуў увагу старшыня КДК.

Ён нагадаў, што яшчэ некалькі гадоў таму кіраўніком дзяржавы даваліся даручэнні аб развіцці раённых ПМК. Аднак сёння гэта работа пайшла на спад, многія з арганізацый на мяжы банкруцтва. "Там бяда. Мы падыходзім да сістэмнага крызісу галіны", - заявіў Леанід Анфімаў.

Яго пазіцыю падтрымала кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Наталля Качанава. "Сёння не толькі ПМК, сёння трэсты ў гарадах закрываюцца. Сітуацыя складваецца крытычным чынам. Трэба сур'ёзна займацца гэтай галіной", - падкрэсліла яна.

Наталля Качанава таксама звярнула ўвагу на няхватку высокакваліфікаваных кадраў у бударганізацыях. З-за гэтага, паводле яе слоў, падаюць аб'ёмы і якасць работ.

Прэм'ер-міністр Андрэй Кабякоў адзначыў, што ўрад займаецца праблемамі ў гэтай сферы. Вядзецца работа па аптымізацыі будаўнічай галіны, узбуйненні прадпрыемстваў, прыцягненні запатрабаваных спецыялістаў. "Ёсць шэраг арганізацый, напрыклад трэст нумар 8 Брэста - мы па ім бачым, у чым гэтыя праблемы. Намецілі шэраг рашэнняў і нават без выхаду на кіраўніка дзяржавы вырашаем і пытанні па абаротных сродках", - расказаў ён.

Паводле слоў кіраўніка ўрада, у асноўным у будаўнічых арганізацый сёння работа ёсць. Разам з тым Андрэй Кабякоў звярнуў увагу на той факт, што многія гаспадаркі адмаўляюцца ад паслуг ПМК з-за іх дарагоўлі і будуюць гаспадарчым спосабам. "ПМК трэба займацца. Трэба, каб у іх была работа, якая адпавядае іх кваліфікацыі і ўзроўню. Гэтым мы займаемся", - дадаў ён.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што ўрад як адказваў за будаўнічы комплекс, так і будзе адказваць. "Мы ўсе цудоўна разумеем, якая сітуацыя ў будаўніцтве, вось і займайцеся гэтымі пытаннямі, - даручыў Прэзідэнт. - Майце на ўвазе: калі будаўніцтва будзе правалена, міністру і віцэ-прэм'еру рабіць няма чаго ў новым урадзе".-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі