Сцяг Пятніца, 29 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
04 лістапада 2019, 15:08

Андрэйчанка: асабістыя прыёмы дапамагаюць выявіць сістэмныя пытанні

4 лістапада, Докшыцы /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Правядзенне асабістых прыёмаў дае магчымасць вырашыць канкрэтныя праблемы людзей, а таксама выявіць сістэмныя пытанні, якія хвалююць насельніцтва. Такое меркаванне выказаў сёння старшыня Палаты прадстаўнікоў Уладзімір Андрэйчанка, каменціруючы вынікі правядзення асабістага прыёму грамадзян у Докшыцкім райвыканкаме, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

На думку спікера, асабістыя прыёмы вельмі важны. "Трэба разумець, што ў нашай краіне гэта не разавыя акцыі, а сістэмная работа, выбудаваная на планавай аснове. Напрыклад, я раз у квартал у кожным раёне сваёй выбарчай акругі стараюся правесці такія сустрэчы з насельніцтвам. Яны шмат што даюць, - перакананы Уладзімір Андрэйчанка. - Мы вырашаем канкрэтныя пытанні людзей. Безумоўна, яны розныя, у тым ліку ёсць тыя, якія немагчыма адразу вырашыць. Тады ідуць пэўныя даручэнні райвыканкамам, дзесьці стараемся аказаць дапамогу ў іх вырашэнні. Сустракаюцца і пытанні, якія немагчыма вырашыць. Мы таксама аб гэтым гаворым".

Асобную ўвагу Уладзімір Андрэйчанка засяродзіў на двух найбольш важных, на яго погляд, момантах, звязаных з правядзеннем асабістых прыёмаў. "Першы: яны даюць магчымасць паглядзець, ці ёсць для гэтага рэгіёна нейкія сістэмныя пытанні, якія хвалююць усё насельніцтва. На шчасце, такіх не заўважаю пакуль. Ёсць разавыя (капрамонт і г.д.), мы стараемся іх вырашыць. Другі момант важны для нас як прадстаўнікоў заканадаўчай улады: суаднесці сваю работу з патрэбнасцямі людзей і выкарыстоўваць гэтыя напрацоўкі ў заканадаўчай дзейнасці", - падкрэсліў спікер.

У час размовы Уладзімір Андрэйчанка таксама закрануў пытанні сацыяльнай сферы. Адно з іх, на яго думку, звязана са змяншэннем колькасці жыхароў у сельскай мясцовасці. "Гэта сістэмнае пытанне, на якое неабходна рэагаваць. Яно няпростае, патрабуе грошай, але яго трэба вырашаць", - перакананы ён. Старшыня Палаты прадстаўнікоў нагадаў, што ў час рэалізацыі праграмы адраджэння вёскі ўдалося значна падцягнуць аграгарадкі, там было пабудавана шмат жылля. Магчыма, трэба паглядзець, як жывуць і развіваюцца цяпер гэтыя населеныя пункты, выдзеліць найбольш перспектыўныя і зноў звярнуць на іх павышаную ўвагу, абнавіць іх сацыяльную базу, паглядзець рабочыя месцы.

"Некаторая нераўнамернасць ёсць у развіцці тэрыторый як сярод раёнаў, так і сярод абласцей. Вось гэтыя пытанні нам трэба разгледзець на ўзроўні краіны. Хутка будзе вярстацца праграма на наступную пяцігодку. Думаю, трэба на іх звярнуць асаблівую ўвагу", - сказаў на заканчэнне Уладзімір Андрэйчанка.

Усяго на прыём да спікера сёння звярнуліся тры заяўнікі. Адзін зварот быў звязаны з асабістым пытаннем, астатнія датычыліся працаўладкавання, вырашэння бытавых пытанняў. Першы зварот Уладзімір Андрэйчанка ўзяў на кантроль, вырашыць пытанні з астатнімі людзям дапамогуць мясцовыя ўлады.

Старшыня Палаты прадстаўнікоў сёння таксама прыняў удзел у адкрыцці рэканструяванага харчаблока Докшыцкай цэнтральнай раённай бальніцы. На яго абнаўленне з мясцовага бюджэту было накіравана Br700 тыс.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі