Сцяг Чацвер, 25 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
26 верасня 2018, 13:28

Аліеў азнаёміўся з беларускай экспазіцыяй на выстаўцы абароннай прамысловасці ў Баку

26 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Азербайджана Ільхам Аліеў азнаёміўся з найноўшымі распрацоўкамі прадпрыемстваў ваенна-прамысловага комплексу Беларусі на III Міжнароднай выстаўцы абароннай прамысловасці ADEX-2018 у Баку. Аб гэтым БЕЛТА паведамілі ў прэс-службе Дзяржкамваенпрама.

Выстаўка адкрылася 25 верасня. У першы дзень яе работы нацыянальную беларускую экспазіцыю наведаў Прэзідэнт Азербайджана Ільхам Аліеў. "Ён азнаёміўся з экспазіцыяй і сустрэўся з кіраўніком беларускай дэлегацыі, старшынёй Дзяржкамваенпрама Раманам Галоўчанкам, які грунтоўна праінфармаваў лідара азербайджанскай дзяржавы аб магчымасцях і перспектывах беларускай абаронкі", - расказалі ў прэс-службе.

Старшыня Дзяржкамваенпрама таксама правёў сустрэчу з міністрам абароны Азербайджана Закірам Гасанавым. "Бакі абмеркавалі розныя пытанні двухбаковага ваенна-тэхнічнага супрацоўніцтва", - адзначылі ў прэс-службе.

Удзельнікамі ADEX-2018, якая пройдзе па 27 верасня, сталі 224 кампаніі з амаль 30 краін свету. Да гэтага часу выстаўку наведалі больш за 40 афіцыйных дэлегацый. Самыя маштабныя нацыянальныя экспазіцыі арганізавалі Турцыя, Расія, Ізраіль і Беларусь.

Найноўшыя распрацоўкі на выстаўцы прадстаўляюць больш за 10 прадпрыемстваў беларускага ваенна-прамысловага комплексу. Сярод іх ААТ "КБ Радар" - кіруючая кампанія холдынга "Сістэмы радыёлакацыі", ААТ "АГАТ - сістэмы кіравання" - кіруючая кампанія холдынга "Геаінфармацыйныя сістэмы кіравання", ААТ "140 рамонтны завод", ААТ "558 Авіяцыйны рамонтны завод" і ААТ "2566 завод па рамонце радыёэлектроннага ўзбраення". З самастойнымі экспазіцыямі выступаюць НВТАА "ОКБ ТСП", прадпрыемствы холдынга "БелОМА" і ТАА "Абаронныя ініцыятывы". Калектыўным арганізатарам аб'яднанага стэнда Дзяржкамваенпрама стала "Белспецзнештэхніка".

У беларускай экспазіцыі прадстаўлены шырокі спектр новай і перспектыўнай прадукцыі, створанай з прымяненнем сучасных інавацыйных тэхналогій. Гэта маштабныя і макетныя ўзоры рабатызаванай тэхнікі наземнага і паветранага базіравання, сістэмы агнявога паражэння, баявыя геаінфармацыйныя сістэмы, у тым ліку мабільныя сродкі радыёсувязі, прадукцыя аптычнага і оптыка-электроннага прыборабудавання, сродкі рухомасці, інавацыйныя распрацоўкі ў галіне сістэм радыёлакацыі і сродкаў радыёэлектроннай барацьбы, бартавыя комплексы абароны і індывідуальнай абароны рухомых і пляцоўных аб'ектаў, а таксама магчымасці прадпрыемстваў па вытворчасці, мадэрнізацыі, рамонце і тэхнічным абслугоўванні ўзбраення і ваеннай тэхнікі.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі