Сцяг Пятніца, 29 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
06 сакавіка 2019, 09:00

Акцыя "Мы - грамадзяне Беларусі!" стартуе 13 сакавіка

6 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Усебеларуская акцыя "Мы - грамадзяне Беларусі!", прысвечаная Дню Канстытуцыі, стартуе 13 сакавіка, паведаміла карэспандэнту БЕЛТА сакратар ЦК ГА "БРСМ" Аляксандра Ганчарова.

Акцыя пройдзе ва ўсіх рэгіёнах Беларусі. Традыцыйна пуцёўкі ў дарослае жыццё маладыя людзі атрымаюць з рук кіраўнікоў заканадаўчай і выканаўчай улады, грамадскіх дзеячаў і іншых заслужаных і аўтарытэтных людзей краіны. "Цэнтральныя мерапрыемствы стартуюць 13 сакавіка. Так, у гэты дзень у Музеі сучаснай беларускай дзяржаўнасці пашпарты 14-гадовым падлеткам уручыць кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Наталля Качанава. Галоўнымі героямі ўрачыстасці сімвалічна стануць 25 маладых людзей з усіх рэгіёнаў краіны і Мінска. Усе яны выдатнікі вучобы, удзельнікі навукова-практычных канферэнцый, пераможцы і прызёры рэспубліканскіх спаборніцтваў, фестываляў, конкурсаў, прадметных алімпіяд, актывісты БРСМ і БРПА. У гэты ж дзень правядзенне акцыі запланавана ў Камітэце дзяржаўнага кантролю з удзелам старшыні КДК Леаніда Анфімава, 14 сакавіка - у Канстытуцыйным судзе з удзелам старшыні суда Пятра Міклашэвіча, 15-га - у Савеце Рэспублікі, дзе пашпарты ўручыць старшыня верхняй палаты парламента Міхаіл Мясніковіч", - расказала Аляксандра Ганчарова.

Паводле яе слоў, на гэты раз акцыя будзе мець некаторыя асаблівасці. "15 сакавіка - асаблівая дата ў гісторыі нашай дзяржавы. У гэты дзень 25 гадоў таму была прынята Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь. Асноўны закон стаў пачаткам новай эпохі ў летапісе краіны, надзейным фундаментам для дасягнення яе рэальнага суверэнітэту. Упершыню за шматвяковую гісторыю беларусы набылі сваю дзяржаўнасць, сталі незалежнай і свабоднай нацыяй. Канстытуцыя сканцэнтравала ў сабе багаты гістарычны вопыт і мудрасць папярэдніх пакаленняў, замацавала прававыя, палітычныя і ідэалагічныя асаблівасці дзяржавы і грамадства, дакладна вызначыла прыярытэты нацыянальнага развіцця. У год юбілею Асноўнага закона ўдзельнікамі акцыі таксама стануць 25-гадовыя маладыя людзі - равеснікі Канстытуцыі", - дапоўніла сакратар ЦК БРСМ.

У Мінску ў перыяд правядзення акцыі ўручэння пашпартоў пройдуць у кожным адміністрацыйным раёне і Мінскай гарадской ратушы. Непасрэдна ў Дзень Канстытуцыі, 15 сакавіка, урачыстыя цырымоніі адбудуцца ва ўсіх абласных цэнтрах. "У Брэсцкай вобласці - у абласным выканаўчым камітэце, Віцебскай - у абласной філармоніі. 20 актывістам Гродзенскай вобласці ўручаць пашпарты ў абласным драматычным тэатры. У Гомельскай вобласці выдатнікаў вучобы і грамадскага жыцця збяруць у абласным грамадска-культурным цэнтры. 28 маладым людзям Магілёўскай вобласці, якія праявілі сябе ў розных сферах дзейнасці, з рук прадстаўнікоў улады будуць уручаны пашпарты ва ўстанове "Палац культуры вобласці". У якасці падарунка для дзяцей будзе падрыхтавана тэматычная праграма. Для актывістаў Мінскай вобласці ўрачыстае ўручэнне пашпартоў пройдзе на базе Нацыянальнага гісторыка-культурнага музея - запаведніка "Нясвіж", - дадала Аляксандра Ганчарова.

Усебеларуская акцыя "Мы - грамадзяне Беларусі!", ідэйным натхняльнікам якой з 2004 года выступае БРСМ, прызначана акцэнтаваць увагу на такой значнай падзеі, як атрыманне пашпарта грамадзяніна Беларусі, а таксама стварыць умовы для надання належнага статусу і ўрачыстасці гэтай падзеі. Яна карыстаецца папулярнасцю і падтрымкай з боку органаў дзяржаўнай улады, грамадскасці і змагла аб'яднаць за гэтыя гады тысячы юнакоў і дзяўчат ва ўсіх рэгіёнах краіны.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі