Сцяг Чацвер, 28 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
21 лістапада 2017, 19:32

Ахова навакольнага асяроддзя застаецца важным вектарам супрацоўніцтва ЕС і Беларусі - Віктарын

21 лістапада, Барысаў /Кар. БЕЛТА/. Ахова навакольнага асяроддзя будзе і далей заставацца адным з прыярытэтных напрамкаў супрацоўніцтва ЕС і Беларусі. Аб гэтым заявіла 21 лістапада кіраўнік Прадстаўніцтва Еўрапейскага саюза ў Беларусі Андрэа Віктарын на брыфінгу, прымеркаваным да адкрыцця першай у Беларусі вытворчасці офіснай паперы з макулатуры на УП "Папяровая фабрыка" Дзяржзнака ў Барысаве, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

У Беларусі завяршаецца рэалізацыя маштабнага праекта "Садзейнічанне пераходу Рэспублікі Беларусь да зялёнай эканомікі", які фінансуецца Еўрасаюзам і рэалізуецца ПРААН у партнёрстве з Міністэрствам прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя. "Цяпер мы абмяркоўваем прыярытэты далейшага супрацоўніцтва з Беларуссю. Я ўпэўнена, што ў сферы аховы навакольнага асяроддзя і далей прадоўжым працаваць разам. Асабліва ў барацьбе з кліматычнымі змяненнямі", - сказала Андрэа Віктарын.

Яна лічыць, што ўвесь праект, рэалізаваны ў Беларусі, атрымаўся паспяховым. Ёй імпануе тое, што міністэрствы, з якімі вядзецца супрацоўніцтва, актыўна пашыраюць інавацыйнае развіццё. "Мы падтрымліваем мадэльныя праекты і ініцыятывы, якія можна рэалізаваць і ў іншых месцах Беларусі. Праекты, якія сумяшчаюць экалагічны і эканамічны кампаненты, накіраваны на змяненне спажывецкіх паводзін", - растлумачыла Андрэа Віктарын. Многія з 23 рэалізаваных ініцыятыў праекта прыйшліся ёй даспадобы, асабліва запомніўся праект па арганізацыі гадавальніка для цецерукоў.

Пілотная ініцыятыва па запуску вытворчасці офіснай паперы з макулатуры ў Барысаве таксама рэалізавана па праекце "Садзейнічанне пераходу Рэспублікі Беларусь да зялёнай эканомікі". За сродкі ЕС створаная ў 2016 годзе на фабрыцы лінія перапрацоўкі макулатуры была даўкамплектавана дадатковымі вузламі і механізмамі. Праектам на закупку неабходнага найноўшага абсталявання італьянскай вытворчасці выдзелена 860 тыс. еўра. Бюджэт усяго маштабнага праекта складае 5 млн еўра. А ў цэлым за апошнія два гады ЕС выдзеліў 12 млн еўра для пераходу да мадэлі зялёнай эканомікі ў Беларусі.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі