Сцяг Пятніца, 29 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
14 верасня 2018, 19:06

Адзіны дзень бяспекі з удзелам усіх суб'ектаў прафілактыкі пройдзе ў Беларусі ў 2019 годзе

14 верасня, Мядзельскі раён /Кар. БЕЛТА/. Адзіны дзень бяспекі з удзелам усіх суб'ектаў прафілактыкі ўпершыню пройдзе ў Беларусі ў 2019 годзе, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА міністр па надзвычайных сітуацыях Уладзімір Вашчанка. Ён прыняў удзел у адкрыцці XXI Рэспубліканскага злёту юных ратавальнікаў-пажарных у Нацыянальным дзіцячым адукацыйна-аздараўленчым цэнтры "Зубраня".

Паводле слоў Уладзіміра Вашчанкі, у дзень бяспекі будуць праводзіцца мэтанакіраваныя прафілактычныя мерапрыемствы па папярэджанні надзвычайных сітуацый, правапарушэнняў і злачынстваў, а таксама навучанне паводзінам ва ўмовах пажараў, аварый, аказанню першай медыцынскай дапамогі. "Гэта новаўвядзенне для Беларусі, і цяпер ідзе падрыхтоўчая работа. Створаны Міжведамасны савет па пытаннях правядзення дня бяспекі, куды ўвайшлі ўсе суб'екты прафілактыкі. Першае пасяджэнне савета ўжо адбылося, унесены пэўныя прапановы, цяпер яны вывучаюцца", - расказаў ён.

Як адзначыў міністр, у Беларусі праводзіцца вялікая работа з насельніцтвам па пытаннях бяспекі жыццядзейнасці. Разам з тым пастаўлена задача ўключыць у яе як мага больш людзей. "Формы такой работы могуць быць самымі рознымі: гутаркі, сустрэчы ў гульнявой форме з дзецьмі, арганізацыя шматлікіх конкурсаў. Галоўнае, каб людзі разумелі, што пытанням бяспекі неабходна ўдзяляць асаблівую ўвагу", - падкрэсліў Уладзімір Вашчанка.

Рэспубліканскі злёт юных ратавальнікаў-пажарных - гэта штогадовае мерапрыемства, якое па традыцыі праводзіцца на базе Нацыянальнага дзіцячага адукацыйна-аздараўленчага цэнтра "Зубраня". Праект аб'ядноўвае актывістаў маладзёжнага руху пад эгідай МНС. Дзеці спаборнічаюць у веданні бяспекі, творчых і спартыўных спаборніцтвах.

"Работа з падрастаючым пакаленнем была і застаецца прыярытэтным напрамкам нашай дзейнасці. Як паказвае практыка, навучанне з юных гадоў дзяцей асновам бяспекі дае свае вынікі. Гэту работу трэба прадаўжаць, і, самае галоўнае, дзеці ставяцца да гэтага вельмі сур'ёзна. Удзельнікі злёту прайшлі адбор на раённых і абласных этапах, а каманда-пераможца ў наступным годзе будзе прадстаўляць краіну на міжнародным злёце. Юныя ратавальнікі-пажарныя актыўна ўключаны і ў прафілактычную работу. Разам з прадстаўнікамі МНС яны наведваюць дашкольныя навучальныя ўстановы, праводзяць заняткі з вучнямі малодшых класаў. Навыкі бяспечных паводзін спатрэбяцца дзецям усюды. Гэта дапаможа ім не разгубіцца ў крытычнай сітуацыі і дапамагчы тым, хто трапіў у бяду", - рэзюмаваў міністр.-0-

Фота Генадзя Жынкова

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі