Сцяг Аўторак, 19 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
10 студзеня 2018, 12:34

Адрозніваць арганічную прадукцыю ад неарганічнай у Беларусі стане прасцей

10 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Адрозніваць арганічную прадукцыю ад неарганічнай у Беларусі стане прасцей. Гэта прадугледжана законапраектам "Аб вытворчасці і абарачэнні арганічнай прадукцыі", які рыхтуецца да разгляду ў парламенце ў першым чытанні, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА член Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па аграрнай палітыцы Сяргей Літвін.

Законапраект, аб якім ідзе размова, распрацаваны Міністэрствам сельскай гаспадаркі і харчавання. Дакумент рэгламентуе адносіны, якія ўзнікаюць пры вытворчасці і абарачэнні ў краіне арганічнай прадукцыі, якія цяпер спецыяльнымі заканадаўчымі актамі не рэгулююцца.

У прыватнасці, прапануецца ўвесці сертыфікацыю арганічнай прадукцыі і яе вытворчасці. "Гэтай работай будуць займацца спецыяльныя акрэдытаваныя органы. Пасля гэтага заяўніку будзе выдавацца сертыфікат адпаведнасці арганічнай прадукцыі і працэсаў яе вытворчасці", - расказаў Сяргей Літвін.

Плануецца, што на такую прадукцыю будзе наносіцца знак "Арганічны прадукт". Узор, апісанне і парадак яго нанясення будзе вызначаць Дзяржаўны камітэт па стандартызацыі. "Гэта дасць магчымасць спажыўцам адрозніваць арганічную прадукцыю ад неарганічнай", - растлумачыў парламентарый. Маркіроўка будзе ажыццяўляцца з улікам міжнародна-прававых актаў, якія складаюць права Еўразійскага эканамічнага саюза.

Дэпутат звярнуў увагу, што развіццё вытворчасці арганічнай прадукцыі прадугледжана праграмай сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі на 2016-2020 гады і будзе садзейнічаць забеспячэнню харчовай бяспекі краіны, адкрые новыя магчымасці для гандлю з іншымі дзяржавамі. Так, ужо цяпер аб'ём рэалізацыі арганічнай прадукцыі на сусветным рынку вырас з $17,9 млрд да $100 млрд, гэта значыць больш як у пяць разоў. Яна вырабляецца ў 140 краінах свету і налічвае больш як 700 тыс. вытворцаў, а на сусветным рынку яе доля займае каля 7-10 працэнтаў ад агульнага аб'ёму.

Сяргей Літвін адзначыў, што пры падрыхтоўцы законапраекта ў Беларусі ўлічваецца замежны вопыт, у тым ліку постсавецкіх краін - Расіі, Малдовы і Украіны, дзе дзейнічае адпаведнае заканадаўства.

Праект закона "Аб вытворчасці і абарачэнні арганічнай прадукцыі" плануецца разгледзець у першым чытанні на вясенняй сесіі ў красавіку 2018 года, рэзюмаваў дэпутат.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі