Сцяг Аўторак, 16 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
05 красавіка 2017, 20:00

Адміністрацыя Прэзідэнта нацэльвае мясцовыя ўлады на новыя падыходы ў рабоце са зваротамі грамадзян

5 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Новыя падыходы ў рабоце са зваротамі грамадзян і юрыдычных асоб абмяркоўваліся сёння на пасяджэнні калегіі Адміністрацыі Прэзідэнта Беларусі, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.

У пасяджэнні прынялі ўдзел службовыя асобы Адміністрацыі Прэзідэнта, КДК, Генпракуратуры, зацікаўленых міністэрстваў і ведамстваў, а таксама, што немалаважна, прадстаўнікі мясцовых органаў улады рознага ўзроўню, якія непасрэдна адказваюць за работу са зваротамі грамадзян. Удзельнікі пасяджэння разгледзелі сітуацыю як у цэлым па краіне, так і на прыкладзе асобных міністэрстваў і рэгіёнаў.

Адзначалася, што ў Беларусі выбудавана сістэма работы са зваротамі: ёсць неабходная прававая база, праводзяцца асабістыя прыёмы грамадзян і прамыя тэлефонныя лініі. "Але разам з тым у кожным раёне, горадзе магчымы і іншыя формы і метады", - упэўнена кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Наталля Качанава. Яна прапанавала мясцовым уладам перыядычна сустракацца з людзьмі па месцы іх жыхарства, запрашаць да дыялогу аб праблемах, якія іх хвалююць, узяўшы за аснову вопыт дэпутатаў. І гэта толькі адзін з варыянтаў, а наогул, на яе думку, прымальныя любыя формы работы, якія дадуць магчымасць аператыўна здымаць пытанні.

Наталля Качанава прывяла прыклад са сваёй практыкі. Калі яна была старшынёй Наваполацкага гарвыканкама, яна адказвала на званкі, якія паступалі ёй непасрэдна пасля заканчэння рабочага дня. Нумар тэлефона быў у адкрытым доступе, і дзякуючы гэтаму ўдавалася працаваць на папярэджанне.

Работу на папярэджанне ўдзельнікі калегіі абмеркавалі асобна. Паколькі сам па сабе зварот - гэта ўжо сведчанне нездаволенасці або неразумення дзеянняў улад. Таму на месцах неабходна актыўней і шырэй растлумачваць, колькі сродкаў у раённым, гарадскім бюджэце, куды пойдуць гэтыя грошы і чаму. Практыка паказвае, што ў такіх выпадках у людзей узнікае менш пытанняў, чаму рамантуюць дарогу на суседняй, а не на іх вуліцы. Тое ж і з перспектывамі стварэння новых рабочых месц, развіццём аховы здароўя, адукацыі, ЖКГ.

Адміністрацыя Прэзідэнта ўдзяляе асаблівую ўвагу ўсім зваротам, нягледзячы на тое, што кожны дзень іх паступае ад 100 да 200, а часам даходзіць і да 400. Кожны з іх тут разглядаюць як магчымасць вызначыць слабыя месцы кіраўніцкай сістэмы і выправіць сітуацыю. У Адміністрацыю пішуць практычна аб усім - нават аб цвілі на сценах, дрэннай якасці вады і разбітых дарогах. Тут правялі аналіз зваротаў і прыйшлі да высновы, што такія негатыўныя з'явы, як валакіта, фармалізм, неаднаразовы перанос тэрмінаў, адсутнасць належнага кантролю за выкананнем, усё яшчэ ёсць. Асаблівую заклапочанасць выклікае неабгрунтаваная перасылка зваротаў у органы, на якія грамадзяне і скардзяцца, або туды, дзе скарга паспела пабываць. Найбольшая колькасць парушэнняў фіксуецца на мясцовым узроўні, дзе, па сутнасці, павінны вырашацца практычна ўсе бытавыя праблемы. Неабходна ўмацоўваць таксама міжведамаснае ўзаемадзеянне.

У час калегіі ў Адміністрацыі быў сфарміраваны пакет прапаноў, які накіраваны на ўстараненне існуючых недахопаў. Напрыклад, прапануецца вывучыць мэтазгоднасць стварэння ў Беларусі адзінай рэспубліканскай аўтаматызаванай сістэмы ўліку і апрацоўкі зваротаў. Прапановы будуць дапрацаваны і затым накіраваны ўсім зацікаўленым у якасці інструкцыі да дзеяння. Чакаецца, што гэта дасць магчымасць палепшыць якасць работы са зваротамі грамадзян, у важнейшым напрамку дзяржаўнай палітыкі, якому Прэзідэнт удзяляе асаблівую ўвагу.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі