Сцяг Аўторак, 19 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
23 чэрвеня 2017, 16:27

Адкрытыя ліцэнзіі Creative Commons прапануецца ўвесці ў беларускі закон аб аўтарскім праве

23 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Адкрытыя ліцэнзіі Creative Commons прапануецца ўвесці ў беларускае заканадаўства аб аўтарскім праве. Аб гэтым паведаміла сёння старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па адукацыі, навуцы, культуры і сацыяльным развіцці Ірына Старавойтава на пасяджэнні навукова-кансультатыўнага савета пры Прэзідыуме верхняй палаты парламента, прысвечаным унясенню паправак у закон "Аб аўтарскім праве і сумежных правах", перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Як адзначыла сенатар, адна з навел, прапануемых законапраектам, - увядзенне адкрытых ліцэнзій, якія называюцца ў літаратуры "ліцэнзіі Creative Commons". "З дапамогай адкрытых ліцэнзій Creative Commons аўтары атрымаюць магчымасць дэлегаваць частку сваіх правамоцтваў у рамках выключнага права на твор неабмежаванай колькасці карыстальнікаў. Такім чынам, адкрытыя ліцэнзіі Creative Commons зоймуць прамежкавы стан паміж класічным разуменнем ліцэнзій, якія забяспечваюць поўную абарону правоў аўтара на твор, і сферай грамадскага здабытку, што дазваляе выкарыстоўваць твор свабодна", - растлумачыла Ірына Старавойтава.

Так, можа быць прадастаўлена права выкарыстання твора па ліцэнзіях Creative Commons у форме перакладу на іншую мову, распаўсюджвання, давядзення да ўсеагульнага ведама, а таксама выкарыстання ў састаўным творы, напрыклад, у энцыклапедыях. "Увядзенне адкрытых ліцэнзій будзе садзейнічаць стварэнню новых рэзультатаў інтэлектуальнай дзейнасці", - лічыць старшыня пастаяннай камісіі.

У законапраекце таксама замацоўваецца палажэнне аб магчымасці размяшчэння ў інфармацыйных рэсурсах належна абнародаваных твораў пры наяўнасці вуснай згоды аўтара. Такая мера накіравана на стварэнне ўмоў для павышэння актыўнасці распаўсюджвання навуковай інфармацыі, забеспячэнне яе даступнасці шырокаму колу зацікаўленых.

Ірына Старавойтава паведаміла, што ў Беларусі вядзецца работа па далучэнні да Маракешскага дагавора аб аблягчэнні доступу сляпых і асоб з парушэннямі зроку або іншымі абмежаванымі здольнасцямі ўспрымаць друкаваную інфармацыю да апублікаваных твораў (ад 27 чэрвеня 2013 года). У сувязі з гэтым у законапраект уключаны палажэнні, якія пашыраюць магчымасць свабоднага доступу да ахоўных аўтарскім правам твораў для сляпых, людзей са слабым зрокам і іншых асоб з абмежаванымі магчымасцямі ва ўспрыманні тэксту. З гэтай жа мэтай даецца новая рэдакцыя артыкула 34 закона, у адпаведнасці з якой правамерна абнародаваныя творы могуць быць перапрацаваны для забеспячэння іх доступу для сляпых, людзей са слабым зрокам і іншых асоб з абмежаванымі здольнасцямі ўспрымаць друкаваную інфармацыю.

Акрамя іншага, зніжаецца памер мінімальнай кампенсацыі за парушэнне выключнага права на аб'ект аўтарскага права з 10 базавых велічынь да адной базавай велічыні. Паводле слоў сенатара, такая ініцыятыва змяшчалася ў прапановах Вярхоўнага суда і абумоўлена судовай практыкай па разглядзе спраў, звязаных з парушэннем выключных правоў на названыя аб'екты.

Выступаючы на пасяджэнні, старшыня Савета Рэспублікі Міхаіл Мясніковіч адзначыў, што закон аб аўтарскім праве і сумежных правах распаўсюджвае сваё дзеянне на вялікую сферу аб'ектаў - літаратурныя і мастацкія творы, фатаграфіі, кінафільмы, тэлеперадачы, камп'ютарныя праграмы і інш. "Таму паспяховая і дакладная рэалізацыя норм закона "Аб аўтарскім праве і сумежных правах" сёння разглядаецца як своеасаблівы індыкатар цывілізаванасці любога сучаснага грамадства", - упэўнены ён.

Як паведамлялася, у Савеце Рэспублікі створана рабочая група для падрыхтоўкі змяненняў і дапаўненняў у закон "Аб аўтарскім праве і сумежных правах". Паводле слоў Ірыны Старавойтавай, верхняй палатай парламента сабраны і абагульнены вялікі матэрыял, паступілі і па-ранейшаму прадаўжаюць паступаць прапановы ад зацікаўленых дзяржорганаў, выдавецтваў, выканаўцаў.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі