Сцяг Серада, 17 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
19 красавіка 2017, 15:36

Адказы на звароты грамадзян павінны быць вычарпальнымі - Турчын

19 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Адказы на звароты грамадзян павінны быць вычарпальнымі. Аб гэтым заявіў карэспандэнту БЕЛТА кіраўнік Апарату Савета Міністраў Беларусі Аляксандр Турчын, які сёння правёў асабісты прыём грамадзян.

"На свой зварот чалавек павінен атрымаць зразумелы і вычарпальны адказ, паколькі многія пытанні можна зняць, дакладна растлумачыўшы канкрэтныя нюансы яго праблемы, каб ён не хадзіў потым па розных інстанцыях, - адзначыў Аляксандр Турчын. - Вопыт маіх папярэдніх пасад паказвае, што ў кожнай сітуацыі неабходна разабрацца, каб паставіць кропку ў тым ці іншым пытанні".

Пры гэтым работа са зваротамі грамадзян павінна быць сістэмнай - пачынаючы ад мясцовых органаў улады да вышэйшых службовых асоб, дадаў кіраўнік Апарату Савета Міністраў. "Ёсць пытанні, якія на мясцовым узроўні не ўдаецца вырашыць, напрыклад, узнікае неабходнасць унясення змяненняў у заканадаўчыя акты, - растлумачыў ён. - Задача службовых асоб у такіх выпадках - дапамагчы чалавеку вырашыць яго праблему, адпаведна, пры неабходнасці - выходзіць на міністэрствы, урад з пытаннем аб карэкціроўцы таго ці іншага нарматыўна-прававога акта".

Асаблівае значэнне маюць выязныя прыёмы грамадзян, паколькі яны дазваляюць вывучаць праблемы канкрэтнага рэгіёна на месцах. "Калі правільна арганізавана работа, ты разумееш, якія праблемы хвалююць жыхароў таго ці іншага раёна, рэгіёна, якія трэба прымаць кіраўніцкія рашэнні для таго, каб гэтыя праблемы вырашыць", - дадаў Аляксандр Турчын. На яго думку, важна таксама правільна выбудаваць работу са зваротамі, якія закранаюць канфліктныя сітуацыі. "Ёсць сапраўды заблытаныя сітуацыі, якія можна вырашыць у рамках нейкіх кампрамісаў. У кожнай такой сітуацыі чыноўнікі гатовы дапамагаць людзям", - падагульніў ён.

У час асабістага прыёму грамадзян, які правёў Аляксандр Турчын, значная частка пытанняў датычылася права ўласнасці на зямлю, афармлення дакументаў на зямельныя ўчасткі. З такім пытаннем звярнулася адна з жыхарак Мінскага раёна, якая сутыкнулася з праблемай рэгістрацыі дома і афармлення ва ўласнасць зямельнага ўчастка пасля смерці мужа. Аляксандр Турчын даручыў узяць гэта пытанне на кантроль. "Неабходна пакрокава растлумачыць, што ў такой сітуацыі трэба для афармлення зямельнага ўчастка, і даць зразумелы адказ на ўсе пытанні", - падкрэсліў ён.

Было закранута пытанне прадастаўлення безнаяўных жыллёвых субсідый. Жыхарка Мінска звярнулася з просьбай садзейнічаць у атрыманні такіх субсідый, на якія, паводле яе слоў, яна мае права. "У гэтым выпадку трэба растлумачыць, як персанальна разлічваецца памер субсідый, калі былі дапушчаны памылкі, устараніць іх", - даручыў Аляксандр Турчын.

На асабістым прыёме грамадзян таксама былі агучаны пытанні, якія датычацца выканання зямельнага і ляснога заканадаўства ў садоўніцкіх таварыствах, прадастаўлення сацыяльнага жылля, якасці адвакацкіх паслуг і іншыя.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі