Сцяг Пятніца, 19 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
03 красавіка 2017, 15:35

Адказнасць за забруджванне лесу прапануецца перагледзець у Беларусі

3 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Пытанне аб крымінальнай адказнасці за забруджванне лесу ў Беларусі прапануецца разглядаць толькі ў выпадку істотных негатыўных наступстваў. Размова аб гэтым ішла сёння ў Палаце прадстаўнікоў, дзе міністр лясной гаспадаркі Міхаіл Амельяновіч прадставіў у першым чытанні адпаведныя папраўкі ў некаторыя законы, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Як адзначыў Міхаіл Амельяновіч, з улікам даручэнняў кіраўніка дзяржавы аб дэкрыміналізацыі нязначных парушэнняў заканадаўства, а таксама з улікам правапрымяняльнай практыкі прыцягнення да адказнасці за забруджванне лесу органамі і арганізацыямі Міністэрства лясной гаспадаркі і Дзяржінспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету пры Прэзідэнце законапраектам прапануецца ўнесці пэўныя змяненні ў артыкулы 275-277 Крымінальнага кодэкса.

Так, цяпер у адпаведнасці з часткай 1 артыкула 275 дзеючага КК прадугледжана крымінальная адказнасць за ўчыненне паўторнага на працягу года забруджвання лесу нават пры адсутнасці прычынення шкоды навакольнаму асяроддзю. Атрымліваецца, што грамадзянін, які забрудзіў лес шляхам выкіду нават нязначнай колькасці смецця (напрыклад, адной бутэлькі), прыцягваецца да адміністрацыйнай адказнасці па ч. 1 арт. 15.30 КоАП. У выпадку паўторнага на працягу года такога ж забруджвання лесу і пры адсутнасці негатыўных для навакольнага асяроддзя наступстваў ён падпадае пад крымінальную адказнасць. Такі падыход, на думку Міхаіла Амельяновіча, не зусім апраўданы з пункту гледжання ступені цяжкасці парушэння і адказнасці, якая надыходзіць за яго. У сувязі з гэтым прапануецца разглядаць пытанне аб крымінальнай адказнасці за забруджванне лесу толькі пры надыходзе істотных негатыўных наступстваў, а менавіта - пры прычыненні ўрону ў буйным памеры.

Акрамя таго, з улікам міжнароднай практыкі, а таксама значнай колькасці незаконных высечак лесу, праведзеных пераважна ў эксплуатацыйных лясах з прычыненнем урону ў асабліва буйных памерах, законапраектам прапануецца ўвесці крымінальную адказнасць за незаконную высечку ў эксплуатацыйных лясах з прычыненнем урону ў асабліва буйным памеры.

Прымяняльна да артыкулаў 275-277 КК законапраектам з улікам змяненняў, якія ўносяцца ва ўказ ад 24 чэрвеня 2008 года нумар 348, прапануецца змяніць памер буйнога і асабліва буйнога памеру: павялічыць памер буйнога ўрону да 250 базавых велічынь, асабліва буйнога - да 500 базавых велічынь.

Таксама сёння на пасяджэнні дэпутаты прынялі ў першым чытанні папраўкі ў некаторыя законы па пытаннях патэнтаў на вынаходствы, карысныя мадэлі, прамысловыя ўзоры.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі