Сцяг Серада, 24 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
03 мая 2018, 19:41

"Адчуваю гонар за наш народ" - фіналісткі "Міс Беларусь-2018" наведалі Палац Незалежнасці

3 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Фіналісткі нацыянальнага конкурсу прыгажосці "Міс Беларусь-2018" наведалі сёння з экскурсіяй Палац Незалежнасці, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Экскурсія для дзяўчат пачалася з прылеглай да Палаца Незалежнасці тэрыторыі. І адразу быў развянчаны міф. Аказалася, пабываць у Палацы можа не толькі міністр, знакаміты спартсмен і выдатны дзеяч, але і звычайны грамадзянін у складзе экскурсіі.

Азнаёміўшыся з унутраным дваром, дзе Прэзідэнт Беларусі традыцыйна сустракае кіраўнікоў замежных дзяржаў, і пабываўшы на Алеі ганаровых гасцей, дзяўчаты перайшлі ў самае вялікае памяшканне рэзідэнцыі - залу ўрачыстых цырымоній. Яна, як адзначалі канкурсанткі, не можа не ўразіць сваімі маштабамі, яркім і самабытным афармленнем.

У зале ўрачыстых цырымоній беларускія прыгажуні ўбачылі таксама выстаўку работ вучняў і выпускнікоў Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, Белдзяржуніверсітэта культуры і мастацтваў, Мінскага дзяржаўнага мастацкага каледжа імя А.К. Глебава. Аб тым, што такая экспазіцыя павінна абавязкова з'явіцца ў Палацы Незалежнасці, Аляксандр Лукашэнка заявіў у сакавіку, сустракаючыся з прадстаўнікамі творчай моладзі ў Беларускім дзяржаўным маладзёжным тэатры.

Кацярына Гудкова родам са Жлобіна. У гэтым годзе яна заканчвае Беларускі нацыянальны тэхнічны ўніверсітэт і паралельна працуе ў студыі дызайну менеджарам праектаў.

Дзяўчына расказала, што ўражана Палацам Незалежнасці. Яе ўразіла багатая мармуровая аддзелка залаў і надзвычай прыгожыя прадметы інтэр'ера, зробленыя на беларускіх прадпрыемствах. "Немагчыма не захапляцца работай нашых майстроў", - падкрэсліла яна. Паводле слоў Кацярыны, экскурсія разбавіла напружаную атмасферу напярэдадні фіналу конкурсу і адцягнула ўвагу ад клопатаў і мітусні.

Як дадала другая канкурсантка, Марыя Васілевіч, праграма падрыхтоўкі да фіналу вельмі насычаная, і сіл на хваляванні і мандраж не застаецца. "Дапускаю, што нервы будуць напружаны за дзве-тры гадзіны да фіналу", - не выключыла яна. Але сёння ўвага дзяўчыны прыкавана да інтэр'ераў Палаца Незалежнасці. "Як толькі трапляеш сюды, узнікае пачуццё захаплення. А калі ўсведамляеш, што ўся гэта веліч створана беларускімі прадпрыемствамі, адчуваеш гонар за наш народ, які можа ствараць такое хараство", - гаворыць Марыя.

Яна заканчвае Беларускі дзяржаўны эканамічны ўніверсітэт, піша дыплом па інвестыцыйнай прывабнасці рэгіёнаў, працаваць плануе ў ІТ-сферы.

У час экскурсіі канкурсанткі наведалі не толькі залы, дзе Прэзідэнт праводзіць нарады і сустрэчы, але і змаглі пабываць у яго кабінеце.

Лідзія Ліс не скрывае, што да сённяшняга дня шмат чаго не ведала ні пра Палац Незалежнасці, ні пра спецыфіку работы кіраўніка дзяржавы. Ці ж хто мог падумаць, што яна пабывае ў зале, дзе праходзілі перагаворы "нармандскай чацвёркі" - лідараў Расіі, Украіны, Германіі і Францыі?!

Што датычыцца конкурсу, дзяўчына прызнаецца, што толькі цяпер пачынае адчуваць хваляванне, бо да фіналу застаўся дзень. "З дзяўчатамі мы спачатку не зусім яшчэ сябравалі, таму што не ведалі адзін аднаго. А цяпер з'ядналіся. Думаю, што пасля конкурсу будзем падтрымліваць сувязі", - сказала фіналістка.

Лідзія - супрацоўніца аднаго з банкаў. Яе работа звязана з дакументаабаротам. Адказваючы на пытанне журналістаў, яна прызнаецца, што начальства пакуль не абяцала ёй павышэння за перамогу ў конкурсе.

Пабываць у Палацы Незалежнасці і не занатаваць на памяць гэты момант - складана, асабліва для сучасных дзяўчат. Таму яны са шчырым задавальненнем і ў чаканні лайкаў фатаграфуюць адна адну ў знакамітых залах, толькі і паспяваючы пазіраваць і папраўляць прычоску.-0-

Фота Мікалая Пятрова

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі