Сцяг Чацвер, 28 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
24 чэрвеня 2016, 09:18

Аб'ёмы капітальнага рамонту жылля ў Беларусі да 2020 года плануецца павялічыць у паўтара раза

24 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Аб'ёмы капітальнага рамонту жылля да 2020 года плануецца павялічыць у паўтара раза, заявіў 23 чэрвеня журналістам міністр жыллёва-камунальнай гаспадаркі Беларусі Аляксандр Церахаў па выніках гарачай лініі пятага Усебеларускага народнага сходу, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Аляксандр Церахаў канстатаваў, 37 працэнтаў пытанняў, звязаных з жыллёва-камунальнай гаспадаркай, датычыліся рамонту і эксплуатацыі жыллёвага фонду. "Калі браць па падтэмах, то асноўнымі пытаннямі сталі пастаноўка дамоў на капітальны рамонт, менавіта недастатковыя аб'ёмы праводзімых работ, тэрміны правядзення работ і іх якасць", - расказаў міністр.

Пры гэтым Аляксандр Церахаў канстатаваў тэндэнцыю павелічэння аб'ёмаў капітальна адрамантаванага жылля. "Сёння штогод практычна 2 працэнты жыллёвага фонду капітальна рамантуюцца. Задача, якая стаіць перад галіной да 2020 года, - павялічыць аб'ёмы да 3 працэнтаў, гэта значыць фактычна ў паўтара раза. Мы ўпэўнены, што ў цэлым такія пытанні будуць зняты", - сказаў ён. Міністр запэўніў, што рашэнні па зваротах, звязаных з якасцю і тэрмінамі правядзення капрамонту, будуць прыняты ў бліжэйшы час.

У цэлым па пытаннях жыллёва-камунальнай гаспадаркі паступіла больш як 100 зваротаў. "Былі пытанні наконт добраўпарадкавання населеных пунктаў, водазабеспячэння, неабходнасці стварэння безбар'ернага асяроддзя, па якіх у абавязковым парадку павінны быць прыняты станоўчыя рашэнні. Пытанні кансультацыйнага характару, правільнасці налічэння платы за жыллёва-камунальныя паслугі, прымянення паніжаючых каэфіцыентаў пры аплаце карыстання арэндным жыллём склалі трэцюю частку зваротаў", - расказаў Аляксандр Церахаў.

Яшчэ адзін блок зваротаў звязаны з прыватызацыяй жылля. Аляксандр Церахаў нагадаў, што гэты працэс ідзе ў Беларусі з 1992 года. Цяпер у прыватнай уласнасці знаходзіцца больш як 95 працэнтаў жылля, прыватызавана 1,5 млн кватэр. "З выхадам указа нумар 563 вызначана, што з 1 ліпеня ўсе жылыя памяшканнi дзяржаўнага жыллёвага фонду пераходзяць у арэнднае жыллё. У сувязі з завяршэннем прыватызацыі ўрадам быў распрацаваны план мерапрыемстваў, якім прадугледжана апавяшчэнне ўсіх наймальнікаў дзяржаўных кватэр, якія маюць права на прыватызацыю, - адзначыў Аляксандр Церахаў. - Акрамя таго, забяспечаны прыём дакументаў у чэрвені ў будныя і выхадныя дні - да 20.00, у апошні тыдзень месяца - з 06.00 да 24.00. Такім чынам створаны ўмовы, каб грамадзяне, якія па якіх-небудзь прычынах не змаглі падаць заяву, змаглі гэта зрабіць".

Пры гэтым міністр нагадаў, што прыватызацыя не абавязак, а права. "У выпадку, калі прыватызацыя кватэры не будзе завершана, жыллё пяройдзе ў разрад арэнднага, але за грамадзянамі пры гэтым захаваецца права карыстання гэтым жылым памяшканнем", - сказаў Аляксандр Церахаў.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі